Апошні расейскі вайсковы эшалон павінен пакінуць Беларусь 29 верасня



Апошні расейскі воінскі эшалон з удзельнікамі сумесных стратэгічных вучэнняў „Захад-2017” павінен пакінуць Беларусь 29 верасня або ў ноч з 29 на 30 верасня, паведаміў БелаПАН афіцыйны прадстаўнік Мінабароны Беларусі палкоўнік Уладзімір Макараў.

Тое, што ўся расейская групоўка пасля вучэнняў „Захад-2017” пакіне тэрыторыю Беларусі да 30 верасня, абяцалі і Аляксандр Лукашэнка, і кіраўнік вучэнняў з беларускага боку начальнік Генеральнага штаба УС Беларусі генерал-маёр Алег Белаконеў, і іншыя прадстаўнікі ваенна-палітычнага кіраўніцтва краіны.

Занепакоенасць тым, што расейскія войскі могуць пасля вучэнняў застацца ў Беларусі, выказвалі палітыкі сумежных краін і прадстаўнікі ўнутранай апазіцыі.

У вучэннях на тэрыторыі Беларусі, згодна са звесткамі ваенных, было задзейнічана прыблізна 10.200 ваеннаслужачых (ад Беларусі — крыху больш за 7 тыс., ад Расеі — прыкладна 3 тыс.), 370 адзінак бранятанкавай тэхнікі, у тым ліку прыблізна 140 танкаў, да 150 адзінак артылерыі і рэактыўных сістэм залпавага агню, больш за 40 самалётаў і верталётаў.

belapan.by