Апублікавана расшыфроўка перамоў пілота «Белавія» з украінскім дыспетчарам
Украінскі бок да гэтага часу ніяк не адрэагаваў на ноту пратэсту, якую беларускае МЗС уручыла часоваму паверанаму ў справах суседняй краіны пасля інцыдэнту з самалётам «Белавія» 21 кастрычніка. Як і абяцалі ў МЗС Беларусі, у выпадку працяглага маўчання будзе апублікаваная расшыфроўка перамоваў рэйса «Белавія» з украінскім дыспетчарам. Тэкст расшыфроўкі з’явіўся ў выданні «СБ — Беларусь сегодня».
Нагадаем, што самалёт «Белавія» ўзляцеў з аэрадрома «Жуляны» 21 кастрычніка ў 15.25. Бортправаднік на трох мовах (беларускай, расейскай і англійскай) зрабіў стандартную абвестку:
«Паважаныя пасажыры! Праз некалькі хвілін вам будуць прапанаваныя гарачыя і ахаладжальныя напоі, а таксама лёгкая закуска. Калі ласка, прывядзіце спінкі крэслаў у вертыкальнае становішча. Падрыхтуйце столікі. Дзякуй за ўвагу».
Амаль адначасова пілот пачуў голас з зямлі, дыспетчар УУС «Кіеў-Радар», які забяспечвае палёт.
Дыспетчар: — Белавія-840, Кіеў-Радар.
Пілот: — Слухаю.
Дыспетчар: — Белавія-840, паступіла ўказанне: вам трэба, неабходна вярнуцца на аэрадром вылету «Жуляны». За невыкананне будзе паднятая баявая авіяцыя на перахоп.
Пілот: — А што здарылася такое?
Дыспетчар: – У эфір не магу перадаць. Па прыбыцці ўсё даведаецеся.
Пілот: — Не зразумеў, гэта хто вам перадаў?
Не атрымаўшы адказу, пілот дублюе пытанне: – Белавія-840, хто інфармацыю перадаў?
Дыспетчар: — Белавія-840 — «Украэрацэнтр».
Пілот: — А прычына якая?
Дыспетчар: – Я атрымаў указанне вярнуць вас на аэрадром вылету.
Пілот: — «Жуляны», так?
Дыспетчар: – Так, «Жуляны».
Пілот: – Добра. Вяртаемся.
***
Далей у расшыфроўцы прыводзяцца размовы экіпажа ўнутры машыны, пілоты выказваюць здагадкі пра прычыны ПП — ад небяспечнай закладкі ў багажы і да канфлікту паміж вайскоўцамі.
Зноў дыспетчар: — Белавія-840, Кіеў-Радар.
Пілот: – Так.
Дыспетчар: – Белавія-840, кажа кіраўнік палётаў. Інфармацыя аб вашым вяртанні на аэрадром «Жуляны» паступіла ад ваеннага кіраўніцтва. Даклад больш дэталёвы вам скажуць пасля пасадкі.
Пілот: – Зразумела. Вяртаемся.
Нагадаем, самалёт «Боінг 737-800» (бартавы нумар EW-456PA) авіякампаніі «Белавія», які выконваў рэйс В2-840 па маршруце «Жуляны» (Кіеў) – Менск, 21 кастрычніка 2016 года быў вернуты ў аэрапорт вылету па патрабаванні Службы бяспекі Украіны. Экіпажу было заяўлена, што ў выпадку невыканання каманды ў паветра будуць паднятыя знішчальнікі. Пасля пасадкі праваахоўныя органы Украіны знялі з рэйса пасажыра, грамадзяніна Арменіі. Пасля яго адпусцілі, і ён паляцеў у Беларусь наступным рэйсам.
МЗС Беларусі ў сувязі з інцыдэнтам заявіла пратэст і ўручыла ноту Украіне ў сувязі з прымусовай пасадкай у Кіеве беларускага лайнера. У СБУ катэгарычна абвяргалі інфармацыю пра тое, што рэйс «Белавія» вярнулі ў Кіеў, пагражаючы падняць знішчальнікі. Пасля таго, як прадстаўнікі беларускага авіяперавозчыка паабяцалі апублікаваць перамовы дыспетчара «Украэраруха» з экіпажам самалёта, рыторыка ведамства змянілася.
Фота Дзмітрыя Брушко