Апублікаваная „Канцэпцыя рэабілітацыі ахвяр палітычных рэпрэсій у Беларусі”
Апублікаваная „Канцэпцыя рэабілітацыі ахвяр палітычных рэпрэсій у Беларусі”. Яе распрацавала Народнае антыкрызіснае кіраванне. Улічваюцца рэпрэсіі за ўвесь перыяд знаходжання пры ўладзе Аляксандра Лукашэнкі, Канцэпцыя прадугледжвае як вызваленне тых, хто знаходзіцца за кратамі з палітычных матываў, так і дапамогу, кампенсацыі іншым пацярпелым.
Кажа кіраўнік НАК – Павел Латушка:
– Як толькі рэжым упадзе, усе, хто пазбаўлены волі і знаходзіцца пад вартай па палітычных матывах, выйдуць з турмаў. Іх справы будуць перагледжаны, незалежна ад артыкулаў, па якіх яны асуджаны, ці гэта ўдзел у пратэстах або эканамічныя правапарушэнні. Гэта наша прыярытэтная задача, бо кожная хвіліна ў засценках – катаванне.
Канцэпцыя прадугледжвае для рэпрэсаваных аднаўленне ў правах і вяртанне на радзіму, – працягвае Павел Латушка:
– Канцэпцыяй прадугледжваецца, што рэпрасаваны атрымае матэрыяльную кампенсацыю, а таксама юрыдычную, псіхалагічную і медыцынскую дапамогу, змогуць вярнуцца на радзіму, працягнуць працу і навучанне. Для ацэнкі кампенсацыі пацярпелым будзе створаная камісія з аўтарытэтных, незапляміўшых сябе юрыстаў, эканамістаў і грамадскіх дзеячаў. Выплаты кампенсацый рэпрасаваным будуць рабіцца са спецыяльнага фонду, сфармаванага з рэспубліканскага бюджэту, міжнароднай падтрымкі, ахвяраванняў, спагнанняў з вінаватых у рэпрэсіях.
Народнае антыкрызіснае кіраванне заклікае пацярпелых збіраць сведчанні пра незаконныя дзеянні ў адносінах да сябе і сваіх блізкіх, каб у будучыні паскорыць працэс рэабілітацыі і прыцягнення вінаватых у рэпрэсіях да адказнасці.
Яна Запольская, Беларускае Радыё Рацыя