Апублікаваная перадвыбарная праграма Святланы Ціханоўскай
У выпадку перамогі на прэзідэнцкіх выбарах кандыдат Святлана Ціханоўская абяцае на працягу паўгода правесці новыя выбары кіраўніка дзяржавы і сумясціць іх з рэферэндумам пра вяртанне да Канстытуцыі 1994 года.
Гэта вынікае з яе перадвыбарнай праграмы, апублікаванай на афіцыйным сайце кандыдата ў прэзідэнты.
Ціханоўская мае намер стаць прэзідэнтам „не дзеля пасады, а для таго, каб вярнуць права выбару” народу, таму яе галоўная задача заключаецца ў тым, каб „правесці сапраўдныя сумленныя выбары з удзелам усіх альтэрнатыўных кандыдатаў”.
„Мы будуем краіну не толькі для сябе, але і для нашых дзяцей, — гаворыцца ў праграме. — Я хачу, каб нашы дзеці атрымлівалі добрую адукацыю, медабслугоўванне, каб яны маглі знайсці сабе добрую працу, стварыць сям’ю і мець сваё жыллё. Каб яны засталіся жыць тут, на сваёй зямлі, а не хацелі з’ехаць у пошуках больш свабоднай і справядлівай краіны. Я хачу, каб мы адчувалі любоў і павагу да сябе, мелі права выбару і ганарыліся сваёй краінай для жыцця. Я хачу, каб Беларусь паважалі ў свеце, каб мы шукалі сяброў, а не ворагаў. Я хачу, каб сышла ў мінулае подлая традыцыя пераследаваць людзей за праўду”.
Ціханоўская просіць выбаршчыкаў не ўдзельнічаць у датэрміновым галасаванні, пераканаць у гэтым сваё кола зносін і прыйсці на выбары выключна 9 жніўня, каб прагаласаваць за яе. Яна таксама просіць грамадзян станавіцца „незалежнымі назіральнікамі на ўчастках і абараняць свой голас”. „Я заклікаю вас не заставацца дома 9 чысла, інакш вы прагаласуеце за цяперашнюю ўладу, якая ўсім вам надакучыла. Чым большая яўка, тым больш відавочнай будзе фальсіфікацыя. Чым большая яўка, тым цяжэй скрасці ваш голас”, — адзначае кандыдат.
Ціханоўская абяцае пасля ўваходжання на пасаду прэзідэнта зрабіць захады „для захавання стабільнасці ў краіне і стварэння ўмоў для правядзення сумленных выбараў”. У прыватнасці, яна мае намер прызначыць „шэсць новых незалежных членаў Цэнтрвыбаркама, у тым ліку старшыню”, і выдаць указ аб правядзенні новых выбараў кіраўніка дзяржавы.
„Сістэма выбарчых камісій будзе сфарміраваная такім чынам, што ў іх будуць уключаныя прадстаўнікі ўсіх зацікаўленых палітычных партый, розных грамадскіх арганізацый, а таксама, у абавязковым парадку, прадстаўнікі кандыдатаў у прэзідэнты, — гаворыцца ў праграме. — На кожным участку будуць устаноўленыя празрыстыя скрыні і камеры для анлайн-трансляцыі. Кожны бюлетэнь будзе дэманстравацца назіральнікам, і толькі пасля гэтага змяшчацца ў стос галасоў за кандыдата. Давераныя асобы кандыдатаў будуць мець права патрабаваць пераліку галасоў за любога кандыдата на любым участку. Датэрміновае галасаванне будзе дапускацца ў выключных выпадках для тых, хто не можа галасаваць у дзень выбараў з паважлівай прычыны. Усім кандыдатам будуць давацца роўныя магчымасці для агітацыі, без злоўжывання службовым становішчам”.
„Пасля маёй перамогі на выбарах на працягу пераходнага перыяду краінай будуць кіраваць тыя ж чыноўнікі, што і цяпер, за выключэннем тых, хто груба і адкрыта парушаў закон. Тых, хто сыдзе ў адстаўку, заменяць прафесіяналы з ліку дзяржаўных служачых. Новыя прэзідэнцкія выбары будуць праведзены на працягу паўгода, — гаворыцца ў праграме. — Я прызначу правядзенне рэферэндуму з прапановай вярнуцца да першапачатковай рэдакцыі Канстытуцыі 1994 года, якая скарачае паўнамоцтвы прэзідэнта, устанаўлівае абмежаванне па колькасці тэрмінаў знаходжання на пасадзе прэзідэнта і забяспечвае падзел уладаў. Рэферэндум будзе праводзіцца адначасова з выбарамі прэзідэнта”.
Праграма Ціханоўскай таксама змяшчае спасылкі на „рэанімацыйны пакет рэформаў”, распрацаваны беларускімі дэмакратычнымі сіламі разам з незалежнымі экспертамі на перыяд развіцця Беларусі пасля сыходу Аляксандра Лукашэнкі. Пакет утрымлівае больш за дзясятак праграмных дакументаў, якія тычацца рэфармавання эканомікі, аховы здароўя, адукацыі, пенсійнага забеспячэння, жыллёва-камунальнай гаспадаркі, гарадскога планавання, мясцовага самакіравання, энергетыкі, а таксама выбарчай, партыйнай і судова-прававой сістэм, сістэмы супрацьдзеяння карупцыі.
У распрацоўцы „рэанімацыйнага пакета рэформаў” удзельнічалі прадстаўнікі Аб’яднанай грамадзянскай партыі, Партыі БНФ, Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамада), Беларускай партыі „Зялёныя”, аргкамітэта па стварэнні партыі „Беларуская хрысціянская дэмакратыя”, руху „За Свабоду”, грамадскага аб’яднання „Наш дом”.
На прэзентацыі 8 чэрвеня ў Мінску распрацоўшчыкі прапанавалі ўсім палітычным сілам, нацэленым на перамены, аб’яднацца і ўзяць пакет рэформаў на ўзбраенне. Цяпер сайт „рэанімацыйнага пакета рэформаў” аформлены ў стылістыцы кампаніі Святланы Ціханоўскай.