Арганізатараў гомельскага маршу выклікаюць у міліцыю



На арганізатараў гомельскага маршу „недармаедаў” складаюць пратаколы аб адміністрацыйным правапарушэнні за ўдзел у несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве. Каля 10 актывістаў дэмакратычных партый, блогераў і жыхароў горада выклікалі ў міліцыю.

Паводле прававога інспектара незалежнага прафсаюза работнікаў радыёэлектроннай прамысловасці Леаніда Судаленкі, улада без загаду кіраўніка дзяржавы дзейнічае па старых шаблонах:

– Прэзідэнт маўчыць, як галоўная дзеючая асоба на палітычным полі, ён не ведае, што рабіць. Вертыкаль улады пабудавана такім чынам, што яны на месцы самастойных рашэнняў не прымаюць. Будзе каманда зверху, яны яе выканаюць, і наадварот, не будзе, яны нічога не будуць рабіць, што паказваюць маршы, якія прайшлі ў тым жа Віцебску і Бабруйску.       

„Марш недармаедаў” у Гомелі, які адбыўся 19 лютага, стаў адным з найбольш шматлюдных у Беларусі. Агулам у акцыі пратэсту супраць Дэкрэту №3 прыняло ўдзел да 3 тысяч чалавек. Калі ўлады не скасуюць так званы Дэкрэт „Аб дармаедстве, то наступны „марш недармаедаў” у горадзе над Сожам пройдзе 25 сакавіка. 

Беларускае Радыё Рацыя, Гомель