Арганізаваная злачынная групоўка “Расейскае казацтва”



Мажліва, словы “расейскае казацтва” выклікае ў вас выключна мастацкія асацыяцыі:  “Ціхі Дон” Шолахава, фільм “Кубанскія казакі”, Ансамбль казачай песні і пляскі ў барбарскіх чырвоных касаваротках…

Прыфронтавы дзённік Уладзіслава Ахроменкі (усе часткі)

Як “так” –  вы нічога пра сучасных казакаў не ведаеце.

А кто против президента – сорву погоны лично! Не дай Бог, кто вякнет против президента Путина! Это не казачество! Казаки всегда были за Веру, Царя и Отечество! Сегодня царь у нас – Путин!

Флора і фауна расейскага казацтва.

(са справаздачы паседжання Рады атаманаў Саюза Казацкіх войскаў Расеі і Замежжа)

Падчас скону СССР у новастворанае “расейскае казацтва” папнуліся пераважна спітыя станічныя маргіналы, а таксама выгнаныя са службы мянты і турэмныя вертухаі. Яны выхваляліся адзін перад адным лампасамі, выкраенымі з чырвоных сцягоў і шаблямі, скляпанымі з крадзенай гаражнай бляхі, але ж пры нагодзе маглі пацьвердзіць казацкае паходжанне.

Сёння ў расейскае казацтва можа запісацца абсалютна кожны ахвочы. Галоўнае патрабаванне – пафасна дэклараваць любоў да “Веры, Цара і Айчыны” і да ачмурэння любіць сучаснага расейскага імператара. Калі вы адпавядаеце гэтым патрабаванням, то напэўна атрымаеце права насіць аперэтачную гімнасцёрку з бутафорскімі пагонамі, бухматую папаху азіяцкага дзікуна і прыгожую нагайку з сэкс-шопа.

Так, прынамсі, распачынаўся казацкі рух на Луганшчыне. Але ж і гімнасцёркі, і папахі, і нават пагоны каштуюць грошай. Хто за іх плаціў?

Распавядае Дзмітрый Плугін, начальнік аддзелу па ўзаемадзеянню з праваахоўнымі органамі Луганскай вайскова-цывільнай адміністрацыі:

Пачынаючы з 2011 года ў нас на Луганшчыне частка былых міліцыянтаў, вайскоўцаў і цывільных жыхароў чамусь актыўна зацікавілася расейскім казацтвам. Чаму? Усё проста: казацтва фінансавалася расейскімі ўладамі непасрэдна з Расейскай Федэрацыі. “Пад казацтва” даваліся вялікія грошы, больш за тое – казакам штомесяц плацілі зарплату. І вось уявіце: 2011 год, Янковіч – прэзідэнт, да Майдана яшчэ вельміі вельмі далёка, Украіна нібыта стабільная, а Данское казацтва ў нас квітнее і пашыраецца.

І вось 14 кастрычніка 2013 года ўсё Луганскае казацтва едзе ў Расею – “баявыя зборы”. Павяртаецца адтуль праз два тыдні: разбітыя на баявыя групы, з добрым вышкалам у вайсковых лагерах, з канкрэтнымі задачамі…  

Як і каму раздаваліся званні ўсіх гэтых “есаулаў”, “харунжых” і “генералаў Усевялікага Казацтва Данскога”?

Свечыць Арыф Багіраў, жыхар Севераданецка:

Званні раздаваліся направа і налева. Я – афіцэр запасу, і мне адразу прапанавалі стаць капітанам. Ці есаулам, калі мне так больш падабаецца. Увогуле, тагачасныя казакі моцна нагадвалі мне “клуб па інтарэсах”, кшталту “суполкі аматараў котак” ці “таварыства веганаў”. Але ж насамрэч гэта была “расейская мягкая сіла”, толькі закансерваваная. А потым ім далі зброю…

Так на Луганшчыне з’явіліся і ўласныя казацкія атаманы. Адным з тамтэйшых атаманаў стаў Аляксей Мазгавой – самадзейны паэт-песеннік, які ў свой час рэгулярна лекаваўся ў вар’ятні пасёлка Сватава ад наркаманіі і шызафрэніі (яго гісторыя хваробы і пагэтуль захоўваецца ў архіве вар’ятні). Ад гэтых цяжкіх хваробаў Мазгавой так і не вылекаваўся, але ж праславіўся ўдзелам у штурме Луганскага СБУ.

Улетку 2014 года расейскае казацтва луганскага разліву геройствавала ў Севераданецку, абараняючы яго ад “крывавай нацысцкай хунты”.  

Арыф Багіраў:

Як паводзілі сябе расейскія казакі ў Севераданецку? Ціснулі на бізнесоўцаў, прапаноўвалі бандыцкі “дах”, абкладалі падаткамі. Скралі дзіцёнка аднаго камерсанта, якога былі гатовыя аддаць за грошы, але ж напіліся, святкуючы будучую перамогу, і дзіцёнак уцёк. Гарэлку і закуску проста задарма выграбалі ў супермаркетах, праз касу ішлі з аўтаматамі напагатоў. Разумееце, там жа не было ніводнага чалавека з вышэйшай адукацыяй. Ці крымінальнікі-рэцэдывісты, ці былыя міліцыянты А яны ў нас вельмі і вельмі сябруюць, і ніякіх канфліктаў між імі не ўзнікала…

Але неўзабаве да Севераданецка падыйшлі баявыя часткі Узброеных Сіл Украіны.

Арыф Багіраў:

Стаяў у нас тут такі Дромаў са сваім штабам. Дромаў, як хто не ведае – казачы Атаман Усевялікага Войска Донскага, ён яшчэ хацеў тут стварыць “Стаханаўскую казачую рэспубліку”. Дык вось, пры з’яўленні рэгулярных частак украінскай арміі і Дромаў, і ўсе гэтыя казакі панічна пакідалі аўтаматы і проста паўцякалі. Хаця я добра памятаю, як яны білі сябе ў грудзі: “Будзем біцца за Севераданецк насмерць!.. Гэта наш Севастопаль, наш Сталінград, нашая Берасцейская крэпасць!.. Ні шагу назад!.. Дзяды ваявалі!.. Хунта не пройдзе!..”  

А, можа, казакам проста не было, чым бараніцца ад украінска-натаўскіх жыда-фашыстаў?

Дзмітрый Плугін:

Казакі былі ўзброеныя не толькі аўтаматамі і кулямётамі, але і сістэмамі залпавага агню “Град”, і нават танкамі. Але пры гэтым фармальна яны не лічыліся расейскай рэгулярнай арміяй.

Тое, што адбывалася далей, выклікала агіду нават у ідэйных спелых забойцаў з непрызнанай ЛНР:

Былы баявік ЛНР, пазыўны “Грыб”:

Мясцовыя мне расказвалі, што такое казакі і чым яны тут займаюцца. Я спярша не паверыў, пакуль не пабачыў усё гэта на ўласныя вочы, бо самога мяне прыкамандзіравалі да казакаў.  Начуем на блок-посце ў намёце, бачым – нейкія казакі з суседняга блок-поста, які за 800 метраў ад нашага. Нажэрліся гарэлкі, бы тыя свінні, па дарозе прыхапілі нейкую дзяўчыну і вырашылі сваім джыпам пратараніць камандзірскую машыну. Нашто? А проста так. Вылезлі з машыны, паставілі людзей “пад ствалы і ўсіх пастралялі.

Атаман на пазіцыях.

Па хуткім часе уся гэтая хеўра стала не толькі непатрэбнай, але і шкоднай, бо адным сваім існаваннем дыскрэдавала ідэю “Вялікай Расеі”. У Крамлі грэбліва далі адмашку – пазбавіцца ад казацкіх лідэраў як мага хутчэй. Расейскія спецслужбы маюць тут вельмі багаты досвед…

Казацкія атаманы Павел Дромаў, Аляксей Мазгавы і Аляксандр Бядноў загадкава загінулі цягам першай паловы 2015 года.

Але багата тых, хто саманазываецца “расейскімі казацакамі”, і пагэтуль змагаецца “за Веру, Царя и Отечество» супраць Украіны.

Вясна 2014. Данскія казакі ў Севераданецку.

* * *

У кожны аўторак і чацьвер на хвалях Беларускага Радыё Рацыя ў 08:50 і 17:50 (паводле беларускага часу)  слухайце расповеды Уладзіслава Ахроменкі прысведчаны   падзеям на Усходзе Украіны.У наступнай перадачы я раскажу, як жывецца людзям у прыфрантавых пасёлках і на акупаваных тэрыторыях Луганшчыны.

Расейскія казакі супраць Украіны

Беларускае Радыё Рацыя

Беларускае Радыё Рацыя дзякуе Упраўленню камунікацыі і прэсы Міністэрства Абароны Украіны за прадстаўленыя здымкі