Аргкамітэт БХД гатовы правесці свой з’езд на вуліцы



Аргкамітэт па стварэнні партыі «Беларуская хрысціянская дэмакратыя» (БХД) гатовы правесці ўстаноўчы з’езд пад адкрытым небам, калі не ўдасца арандаваць памяшканне.

З’езд запланаваны на 13 чэрвеня. Заяўкі на арэнду памяшкання загадзя былі накіраваныя ў 13 арганізацый, у тым ліку ў ДК МАЗ і МТЗ, Моладзевы тэатр эстрады, Цэнтральны дом афіцэраў, Палац культуры чыгуначнікаў, Менскі міжнародны адукацыйны цэнтр, гатэль «Рэнесанс».

1305363371_4263157_3lf942

Як паведаміў сакратар аргкамітэта БХД Дзяніс Садоўскі, дзесяць арганізацый ужо адказалі адмовай даць памяшканне ў арэнду.

– Партыя БХД падала заяўкі на арэнду ўсіх памяшканняў Менска, якія падыходзяць нам па памеры для правядзення з’езду. Ужо пачалі паступаць адмовы.

Дзяніс Садоўскі таксама паведаміў, што арганізатары звярталіся ў Менгарвыканкам з просьбай пасадзейнічаць у арэндзе памяшкання для правядзення з’езду. Аднак у афіцыйным адказе за подпісам намесніка старшыні гарвыканкама Ігара Карпенкі гаворыцца, што «пошук памяшканняў для такіх мерапрыемстваў не ўваходзіць у кампетэнцыю Менскага гарвыканкама».

Варта адзначыць, што гэта ўжо пятая спроба зарэгістраваць БХД. Апошняя спроба рэгістрацыі была зроблена ў снежні 2011 года, але, як і ўсе папярэднія, аказалася беспаспяховай.

Антон Разумоўскі, Беларускае Радыё Рацыя

Фота bchd.info