Аргкамітэт Дня Волі не дамовіўся са Статкевічам пра фармат акцыі 25 сакавіка
Перамовы паміж аргкамітэтам святкавання 25 сакавіка і лідарам БНК Міколам Статкевічам цягнуліся больш за тры гадзіны.
Як паведаміў Свабодзе старшыня Партыі БНФ Аляксей Янукевіч, дамовіцца пра супольны маршрут і фармат правядзення шэсця не ўдалося.
«Мы не прыйшлі да агульнай пазіцыі па ўсіх нюансах правядзення акцыі 25 сакавіка. Будзем яшчэ сустракацца і абмяркоўваць», — кажа Янукевіч.
Ён удакладніў, што Партыя БНФ выступае за тое, каб увесь маршрут і сцэнар акцыі быў абвешчаны загадзя. Таму што ў іншым выпадку ўдзельнікам будзе цяжка патлумачыць, што правакацыя, а што — не. У гэты ж час некаторыя іншыя арганізатары, у тым ліку Мікола Статкевіч, настойваюць на тым, каб «вырашыць на месцы, арыентуючыся на колькасць і настрой удзельнікаў».
«Сярод калегаў няма пакуль згоды, каб усе кропкі былі расстаўленыя загадзя. Гэты прынцыповы для нас момант пакуль застаецца адкрытым».
Як сказаў Янукевіч, асноўныя спрэчкі паміж арганізатарамі вядуцца наконт таго, дзе і як акцыя павінна завяршыцца і ці павінна гэта быць агучана загадзя.
Лідар БНФ лічыць, што калі арганізатары не змогуць дамовіцца, то дыскусія будзе вынесеная ў публічную прастору. Мяркуецца, што аргкамітэт 25 сакавіка будзе яшчэ раз сустракацца з Міколам Статкевічам, але канкрэтная дата пакуль не прызначана.
14 сакавіка Мікола Статкевіч заявіў, што бярэ на сябе адказнасьць за правядзенне акцыі 25 сакавіка.
У аргкамітэт святкавання Дня Волі ўваходзяць рух «За свабоду», аргкамітэт па стварэнні партыі «Беларуская хрысціянская дэмакратыя», Абʼяднаная грамадзянская партыя, Партыя БНФ і рух салідарнасці «Разам».
Прадстаўнікі гэтых арганізацыяў чакаюць з Менгарвыканкаму адказу на заяўку, у якой яны просяць дазволіць 25 сакавіка шэсце ад Акадэміі навук да скверу Янкі Купалы. Мікола Статкевіч пагадзіўся з месцам збору, але кажа, што месца і фармат завяршэння акцыі трэба вызначаць падчас яе правядзення.
Тым часам спартова-патрыятычны клуб “Ваяр” запрашае ахвочых далучацца да дружыны аховы святочнага шэсця 25 сакавіка.