Аргкамітэт Кангрэсу дэмсілаў шукае памяшканне
Аргкамітэт Кангрэсу дэмакратычных сілаў Беларусі вырашыў падаць заяўку, каб арэндаваць памяшканне для правядзення гэтага мерапрыемства 15-га траўня ў Менску.
Па словах палітыка і былога палітычнага зняволенага Мікалая Статкевіча, спачатку аргкамітэт справабаваў вырашыць гэта пытанне праз зарэгістраваныя арганізацыі, якія ўваходзяць у склад аргкамітэта, і арэндаваць залу праз іх:
– Мы сутыкнуліся з такой праблемай, што нават самыя дарагія памяшканні, уладальнікі якіх былі згодныя нам іх даць, пасля кансультацый з пэўнымі структурамі былі вымушаныя адмовіцца. Таму мы вырашылі пайсці публічным шляхам – у бліжэйшыя дні падамо заяўку і, безумоўна, шырока агучым яе ў прэсе з тым, каб грамадскасць магла назіраць за дзеяннямі уладаў у гэтым пытанні.
Як сказаў Мікалай Статкевіч, заяўкі пададуць на арэнду залаў ўмяшчальнасцю 600-700 чалавек. Першую з іх накіруюць ў Палац Рэспублікі. Калі ж на ўсе заяўкі аргкамітэт атрымае адмовы, то кангрэс, пасля адпаведнай падрыхтоўкі і кансультацый, прыйдзецца праводзіць пад адкрытым небам. Статкевіч нагадвае, што галоўнай мэтай кангрэсу з’яўляецца кансалідацыя дэмакратычных сілаў Беларусі. Кангрэс павінен даць ацэнку сітуацыі ў краіне, выпрацаваць шляхі выхаду з крызісу і сфармуляваць супольныя задачы дэмакртаычных сілаў.
Генадзь Барбарыч, Беларускае Радыё Рацыя, Менск
Фота svaboda.org