Аргкамітэту БХД дазволілі правесці з’езд у ДК МТЗ



Адказны сакратар аргкамітэта па стварэнні партыі „Беларуская Хрысціянская Дэмакратыя” Дзяніс Садоўскі атрымаў ад намесніка начальніка Галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай працы, культуры і па справах моладзі Менгарвыканкама вусны дазвол на правядзенне ўстаноўчага з’езду Партыі БХД ў памяшканні ДК МТЗ.

Там, дарэчы, абываліся ўсе папярэднія з’езды сябраў хрысціянскай дэмакратыі:

– Сёння быў званок з Менгарвыканкаму, і нам паведамілі, што яны на наш зварот правялі адпаведную працу, звязаліся з дырэктарам ДК МТЗ і ёсць магчымасць правесці з’езд 12 чэрвеня ў ДК трактарнага завода. Нам трэба зараз заключыць з імі дамову, дырэктар на працы будзе пасля абеду, трэба з’тэлефанавацца і пад’ехаць, каб падпісаць дамову. Што і плануецца зрабіць сёння.

Раней на МТЗ заявілі, што 13-га чэрвеня ў памяшканні будуць праходзіць „падрыхтоўчыя працы да магчымага рамонту”.

„Нягледзячы на тое, што засталося мала часу для падрыхтоўкі, з’езд пройдзе ў поўным фармаце, бо падрыхтоўка вялася загадзя і ўсе асноўныя працы ўжо зробленыя”, – адзначыў Дзяніс Садоўскі.

Дакладны час пачатку мерапрыемства і яго праграма будзе паведамлена пасля заключэння дамовы з дырэктарам МТЗ.

Антон Разумоўскі, Беларускае Радыё Рацыя