Архіепіскапа БАПЦ упусцілі ў Беларусь пасля ўмяшання МЗС (абноўлена)



Як паведаміў святар БелаПАН, у ноч на 15 ліпеня ён накіроўваўся на VII з’езд беларусаў свету з Украіны на аўтобусе. На памежным пераходзе «Новая Гута» Логіна высадзілі з аўтобуса і паставілі ў пашпарце штамп аб забароне ўезду на беларускую тэрыторыю. Прычыну забароны святару не назвалі.

15 ліпеня Логіну патэлефанавалі з МЗС і паведамілі, што ён можа ўехаць у краіну. «Памежнікі вельмі здзівіліся, калі ўбачылі мяне зноў, але прапусцілі», — сказаў Логін.

У суботу інфармацыя аб інцыдэнце была агучана на з’ездзе беларусаў свету ў Менску, дзе прысутнічаў міністар замежных спраў Уладзімір Макей.

***

Сталі вядомыя падрабязнасці забароны ўезду ў Беларусь дэлегату VII з’езду беларусаў свету, які праходзіць у Менску. Нагадаем, што 14 ліпеня на памежным пункце пропуску “Новая Гута”, што ў Гомельскай вобласці, быў затрыманы сябра Вялікай Рады Згуртавання Беларусаў Свету “Бацькаўшчына” архіепіскап Беларускай Аўтакефальнай Праваслаўнай Царквы а. Святаслаў (Логін).

Ён мае ўкраінскае грамадзянства, але стала жыве ў Злучаных Штатах.

Вось як сам айцец Святаслаў патлумачыў магчымыя прычыны свайго затрымання:

– Я ехаў на з’езд “Бацькаўшчыны” як дэлегат, як сябра Вялікай Рады Згуртаваньня Беларусаў Сьвету. Быў спынены на памежным пункце “Новая Гута”. Мне заявілі, што ўезд у Беларусь мне забаронены. Мне сказалі, што яны не ведаюць ні прычыны гэтай забароны, ні тэрміну, на які гэтая забарона дзейнічае.

Беларусь з кожным годам здае свае дзяржаўныя пазіцыі Расеі. Мяркую, што мая забарона на ўезд у Беларусь паходзіць менавіта з Расеі, з ФСБ.

Тым часам на З’ездзе беларусаў свету выступіў міністр замежных спраў Уладзімір Макей. У сваім выступе ён зазначыў, што беларусы, якія жывуць за мяжою – магутная вялізарная сіла, якая можа спрыяць умацаванню і росквіту Беларусі.

* * * 

14 ліпеня каля 18:00 на ўездзе ў Беларусь ў памежным пункце пропуску “Новая Гута” (Гомельская вобласьць) быў затрыманы сябра Вялікай Рады Згуртаваньня Беларусаў Сьвету “Бацькаўшчына” архіяпіскап Сьвятаслаў Логін (БАПЦ), які ехаў на 7-ы з’езд гэтай арганізацыі.

Яму было заяўлена пра забарону ўезду ў Рэспубліку Беларусь, а таксама пастаўлены адпаведны штамп у пашпарт. Архіяпіскапа завярнулі назад ва Ўкраіну ў памежны пункт “Новыя Ярылавічы”. Беларускія памеженкі паводзіліся карэктна, але прычыны забароны ўезду ў Беларусь беларускаму сьвятару, як і тэрміну забароны назваць не змаглі, з іхных словаў, яны гэтага проста ня ведаюць.

Гэтую інфармацыю пацвярджае карэспандэнт нашага радыё Марцін Война.

Варта таксама прыгадаць, што пасля падобнага затрымання арх. Сьвятаслава два гады таму, МУС РБ у сваім электронным адказе адмовілася назваць прычыну і тэрмін забароны яму ўезду ў Беларусь. Магчыма пастанова пра забарону ўезду арх.Сьвятаслава  прымала ФСБ РФ, бо 3 сакавіка 2015 г. Беларусь падпісала пагадненне з РФ аб узаемным вызнанні адмовы ва ўездзе на тэрыторыю дзяржаў-удзельнікаў гэтае Дамовы.

Архіяпіскап Сьвятаслаў Логін кажа, што такіх чарнігаўцаў, якім адмовілі ва ўездзе ў Беларусь, ужо болей тысячы і прыводзіць узор адмовы МУС РБ аднаму з жыхароў Чарнігава.

Беларускае Радыё Рацыя