Армія Ізраіля атакавала сектар Газа наземнымі падраздзяленнямі



Армія абароны Ізраіля (ЦАХАЛ) у ноч на пятніцу, 14 траўня, паведаміла ў Twitter пра пачатак наземнай аперацыі. Раней да мяжы былі сцягнутыя дадатковыя вайсковыя злучэнні. Ізраільскія танкі пачалі агонь па тэрыторыі сектара Газа тады, калі адтуль працягваўся ракетны абстрэл тэрыторыі Ізраіля. У аперацыі, акрамя танкаў, задзейнічаны баявая авіяцыя і артылерыя.

Між тым выданне The Times of Israel адзначае, што танкавыя абстрэлы нельга лічыць пачаткам сухапутнай аперацыі Ізраіля ў сектары Газа. У самым  ЦАХАЛе пазней таксама падкрэслілі, што баявая тэхніка і салдаты не перасякалі мяжу. Выданне тлумачыць, што некаторыя фармулёўкі, выкарыстаныя прадстаўнікамі Арміі абароны Ізраіля, увялі ў зман заходнія СМІ, якія паведамілі пра старт сухапутнай аперацыі на тэрыторыі сектара Газа.

Гэта інфармацыя грунтавалася, у прыватнасці, на словах прадстаўніка арміі абароны Ізраіля, які заявіў, што ваенныя „знаходзяцца ў сектары газа”. The Times of Israel паясняе, што сапраўды некаторыя ізраільскія ваенныя знаходзяцца ў той частцы сектара Газа, якая дэ-факто кантраляюецца Ізраілем.

Але прадстаўнік ізраільскай арміі Джонатан Корнікус адзначыў, што не выключае наземнай аперацыі ў сектары Газа. Між тым міністр абароны Ізраіля Бені Ганц у чацвер падпісаў загад аб мабілізацыі 9000 рэзервістаў. Толькі ў аўторак ў дзейсныя ўзброеныя сілы былі накіраваныя 5 тысяч рэзервістаў.

Міністэрства абароны Ізраіля таксама паведаміла пра тое, што ў чацвер тры ракеты па тэрыторыі Ізраіля былі запушчаны з тэрыторыі Лівана. Прадстаўнік ваеннага камандавання Лівана заявіў, што ракеты маглі быць запушчаны з тэрыторый, на якіх размяшчаюцца лагеры палестынскіх бежанцаў. Зараз ваенныя Лівана шукаюць тых, хто мог запусціць ракеты.

Беларускае Радыё Рацыя