Арцыбіскуп Кандрусевіч павіншаваў новага апостальскага нунцыя ў Беларусі
Кіраўнік беларускага каталіцкага біскупства, мітрапаліт Менска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч, які цяпер вымушана знаходзіцца за мяжой і не можа вярнуцца на радзіму, 16 верасня павіншаваў новага апостальскага нунцыя ў Беларусі Антэ Ёзіча з біскупскім пасвячэннем, паведамляе партал Рымска-каталіцкага касцёла ў Беларусі.
Каталіцкі іерарх адзначыў, што арцыбіскуп Ёзіч „становіцца наступнікам апосталаў і прадстаўніком папы ў Беларусі ў вельмі складаны час у жыцці краіны”. Паводле яго слоў, у гісторыі „мірнай з палітычнага, нацыянальнага і рэлігійнага пункту гледжання” краіны ніколі не здаралася, каб „брат падняў руку супраць брата”, але цяпер „ёсць ахвяры”.
„Мы сталі сведкамі праліцця крыві на вуліцах і плошчах нашых гарадоў, — канстатаваў Кандрусевіч. — Шмат людзей паранены, тысячы затрыманы. Гэта прывяло да глыбокага падзелу ў нашым грамадстве, які можа справакаваць грамадзянскую вайну”.
Разам з тым старшыня Канферэнцыі каталіцкіх біскупаў Беларусі заўважыў, што цяперашні грамадска-палітычны крызіс „даў штуршок да ўмацавання добрых адносінаў паміж прадстаўнікамі розных канфесій і рэлігій у духу братэрства і салідарнасці”. Ён дадаў, што з самага пачатку крызісу „каталіцкі касцёл запрашае бакі канфлікту да шчырага дыялогу ў праўдзе з мэтай вырашыць яго мірным шляхам”.
„Дзеля развіцця нашай пастырскай і грамадскай дзейнасці, а таксама адносін з дзяржавай у гэты пераломны момант нашай гісторыі нам патрэбна ваша падтрымка як прадстаўніка Святога пасаду. Таму мы з надзеяй чакаем вашага прыезду ў Беларусь, дзе вы будзеце здзяйсняць служэнне, даручанае вам святым айцом Францішкам”, — падкрэсліў арцыбіскуп Кандрусевіч.
Дзяржаўны сакратар Святога прастола кардынал П’етра Паралін 16 верасня пасвяціў у біскупы Антэ Ёзіча, якога раней папа Францыск сёлета 21 мая прызначыў апостальскім нунцыем у Беларусі. Сакрамент пасвячэння адбыўся ў касцёле Святой Сям’і санктуарыя Маці Божай Астраўной у Саліне, што прыкладна за 20 км ад Трыля — роднага горада Ёзіча.
Новапасвечаны арцыбіскуп Ёзіч звярнуўся да духавенства і вернікаў касцёла ў Беларусі па-руску. „Я з радасцю вітаю каталіцкую царкву, біскупаў, святароў і свецкіх вернікаў Беларусі, якая ў гэты перыяд перажывае цяжкія часы ў пошуку выхаду з наяўнай сітуацыі, — сказаў іерарх. — З гэтага моманту я абяцаю вам сваё плённае супрацоўніцтва і запрашаю вас маліцца аб найлепшым вырашэнні вашых праблем з дапамогай міру, дыялогу і салідарнасці, пазбягаючы любога віду гвалту. Я малю Дзеву Марыю, маці Ісуса Хрыста, заўсёды натхняць вас і дапамагаць вам у цяжкія моманты вашага жыцця”.
Кардынал Паралін адзначыў, што Ёзіч закліканы служыць у Беларусі, якая „перажывае цяжкія часы на сваім шляху”. „У справе прасоўвання справядлівасці, праўды і агульнага дабра праз дыялог і прымірэнне вы можаце разлічваць — акрамя Божай дапамогі — на міралюбны і працавіты дух гэтага народа, на адданасць каталікоў сваёй веры пад кіраўніцтвам іх пастыраў, на іх імкненне ўсталяваць братнія адносіны з праваслаўнымі хрысціянамі, на добрую волю тых, хто шчыра клапоціцца пра лёс краіны”, — падкрэсліў дзяржсакратар Святога прастола.
Нагадаем, 31 жніўня памежнікі без тлумачэння прычын не ўпусцілі арцыбіскупа Кандрусевіча з Польшчы ў Беларусь, нягледзячы на яго беларускае грамадзянства. Праз два тыдні афіцыйны партал касцёла ў Беларусі са спасылкай на кіраўніка Дзяржпагранкамітэта Аляксандра Лапо паведаміў, што Кандрусевіча не пусцілі ў Беларусь, паколькі органы ўнутраных спраў прызналі яго пашпарт несапраўдным.
Пытанне аб сітуацыі з Кандрусевічам было ўзнятае падчас візіту 11—14 верасня ў Беларусь арцыбіскупа Галахера. Кіраўнік дыпламатыі Ватыкана кардынал П’етра Паралін па выніках гэтага візіту заявіў, што Святы прастол настойвае на тым, каб старшыня беларускага епіскапату „мог вярнуцца ў сваю дыяцэзію і працягваць кіраваць сваёй паствай”.
Раней генеральны вікарый Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі біскуп Юрый Касабуцкі назваў сітуацыю з арцыбіскупам Кандрусевічам, з’яўленне цяжкасцяў у адносінах з апаратам упаўнаважанага па справах рэлігій і нацыянальнасцяў і некаторыя іншыя выпадкі сведчаннем пераследу касцёла, пра які „ніхто адкрыта не кажа”.
Фота: catholic.by