Арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч напісаў адкрыты ліст Лукашэнку



Арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч, мітрапаліт Мінска-Магілёўскі, старшыня Канферэнцыі каталіцкіх біскупаў у Беларусі 21 чэрвеня звярнуўся да Аляксандра Лукашэнкі з адкрытым лістом, у якім прапанаваў удзел касцёла ў абмеркаванні законапраектаў аб абароне інстытута традыцыйнай сям`і.

„Апошнім часам у СМІ вядзецца шырокая дыскусія пра новую канцэпцыю закона аб барацьбе з хатнім насіллем. Пытанні абароны інстытута сям`і, маральнага выхавання дзяцей і моладзі хвалююць усіх нас, бо сям`я з`яўляецца асновай грамадства… а маладое пакаленне — яго будучыняй. Таму лічу, што абмеркаванне такіх важных для нашага грамадства законапраектаў павінна весціся з удзелам прадстаўнікоў традыцыйных для Беларусі веравызнанняў, якія на працягу стагоддзяў прапаведуюць фундаментальныя сямейныя каштоўнасці і вучаць такім адносінам паміж членамі сям`і, якія выключаюць насілле”, — піша Кандрусевіч. На жаль, працягвае ён, гэтыя законапраекты пакуль што недаступныя для грамадскасці, што спараджае разнастайныя чуткі і здагадкі.

„Пры любых зменах у заканадаўстве неабходна кіравацца нацыянальнымі інтарэсамі і ўлічваць духоўныя каштоўнасці беларускага народа, а не ісці ўслед за згубнымі секулярнымі тэндэнцыямі, у тым ліку за гендарнай ідэалогіяй, якая вядзе да разбурэння традыцыйнай сям`і, — лічыць арцыбіскуп. — Таму вельмі спадзяюся, што беларускае заканадаўства яшчэ больш выразна паставіць перашкоду прапагандзе нетрадыцыйных сексуальных паводзінаў, афішаванню і пазітыўнаму паказу садомскага ладу жыцця”.

„Задачу захавання і адраджэння сям`і, а таксама традыцыйных сямейных і маральных каштоўнасцяў нашаму грамадству даводзіцца вырашаць у няпростых сацыяльна-эканамічных абставінах і ва ўмовах прапаганды антыхрысціянскай сямейнай ідэалогіі і тэндэнцый прыняцця заканадаўчых актаў, якія супярэчаць традыцыям беларускага народа”, — адзначае аўтар ліста, які размешчаны на сайце касцёла ў Беларусі catholic.by.

Кандрусевічу „вельмі хацелася б пазнаёміцца з прапановамі адносна новай канцэпцыі закона аб барацьбе з хатнім насіллем, каб мець магчымасць грунтоўна і ўсебакова іх абмеркаваць у працэсе адкрытай дыскусіі”. „Бо калі некаторыя змены, пра якія вядзецца дыскусія ў СМІ, набудуць сілу закона, то яны могуць прывесці да несправядлівага пераследу добрасумленных бацькоў за самае нязначнае і бяскрыўднае „пакаранне” дзіцяці ў мэтах яго бяспекі, выхавання і дысцыпліны”, — падкрэслівае ён.

„Несумненна, дзеці павінны быць абароненыя ад злачынных дзеянняў дарослых, у тым ліку і бацькоў, — удакладняе Кандрусевіч. — Аднак нельга лічыць злачынствам разумнае настаўленне і ўшчуванне дзяцей любячымі бацькамі з мэтаю выхавання”.

Мітрапаліт звяртаецца з просьбай да Лукашэнкі „зрабіць усё магчымае, каб рэальныя заканадаўчыя крокі спрыялі захаванню і ўмацаванню Богам створанага інстытута сям`і, абароне жанчын і дзяцей ад розных формаў насілля, а таксама захаванню традыцыйных духоўных каштоўнасцяў, на якіх павінна будавацца будучыня нашага грамадства”.

belapan.by

Фота catholic.by