Арцём Шрайбман: Бачныя прыкметы падрыхтоўкі Беларусі да ўступлення ў вайну з Украінай



У панядзелак у Менск прыбыў міністр абароны Расеі Сяргей Шайгу. З ім пасля нядаўняга візіту ў Маскву сустрэўся Лукашэнка, каб абмеркаваць дасягнутыя з Пуціным дамоўленасці. Безумоўна, ні Пуцін, ні Лукашэнка так канкрэтна і назвалі, пра што яны дамовіліся, што нарошчвае агульную напружанасць на фоне вайны ва Украіне.

Наша карэспандэнтка Вольга Сямашка пагутарыла з палітолагам Арцёмам Шрайбманам пра мэты візіту Лукашэнкі ў Маскву, якіх заяваў можна чакаць у бліжэйшай будучыні, ці рыхтуецца Беларусь да ўступлення ў вайну і наколькі вялікі аванс «выдаў» краіне Зяленскі падчас нядаўняга візіту ў Польшчу, пра залежнасць Беларусі ад Расеі і якая будучыня чакае ўвесь рэгіён на фоне вайны.

РР: Раскажыце пра сваё бачанне вынікаў візіту Лукашэнкі да Пуціна. Навошта гэты візіт быў патрэбны? Ці можна яго неяк звязаць з тымі візітамі Макрона ў Кітай ці, напрыклад, Зяленскага ў Польшчу?

Арцём Шрайбман: Фармальна кажучы, мы не ведаем ніякія вынікі гэтага візіту, таму што гэта стала ўжо такой традыцыяй Пуціна і Лукашэнкі, што яны нічога не распавядаюць публічна пасля сустрэчы. Яны шмат гадзін перамаўляюцца сам на самам. Зараз яны гэта таксама сумясцілі з пасяджэннем вышэйшага дзяржсавету так званай саюзнай дзяржавы. Таксама ніякіх публічных анансаваных вынікаў. Але гэта не павінна ўзводзіць у зман, таму што некалькі апошніх сустрэчаў прайшло таксама прыблізна па такім сцэнары, але пасля, праз некалькі дзён, тыдняў, мы даведаліся пра нейкія быццам бы спантанныя вайсковыя дамоўленасці. Напрыклад, размесціць у Беларусі расейскіх мабілізаваных у восені мінулага года. Ці вось нядаўна Пуцін распавёў пра планы на размяшчэнне ядзернай зброі. Гэтак жа я прапаную ставіцца да гэтага візіту. Мы пакуль проста не ведаем да чаго яны дамовіліся, і ,хутчэй за ўсё, гэтыя навіны будуць  пазней праз тыдні або дні.

Лукашэнка, дарэчы, калі пачытаць там транскрыпт яго выступу, ужо на пашыраным пасяджэнні сказаў, што мы з Пуціным абмеркавалі каля 10 пытанняў, па ўсім дамовіліся і вы хутка дазнаецеся аб чым. Прычым здагадацца не вельмі цяжка, натуральна, што гэта будзе звязанае з вайсковай сферай, бо яны нават не хаваючыся абмяркоўвалі збольшага пытанні бяспекі. Калі так лагічна меркаваць – адзіны такі магчымы накірунак іх дамоўленасці – гэта далейшая эскалацыя. Проста нейкія новыя крэатыўныя формы, гэта можа быць размяшчэнне ў Беларусі чагосьці новага, каб, напрыклад, напужаць суседзяў, каб прымусіць Захад саступаць па ўкраінскім пытанні.

Нейкіх паралеляў з кітайскім візітам я, калі шчыра, не бачу.

РР: У Беларусі людзей выклікаюць у ваенкаматы, у Гарадзенскай, Берасцейскай абласцях, перакінулі нават танкі да мяжы з Літвой. Ці можам мы казаць пра тое, што будуць спрабаваць прамацоўваць той накірунак – Сувалкі, Калінінград, Літва?

Арцём Шрайбман: Мабілізацыя – гэта калі людзей прызываюць у войска служыць. А здаецца, што зараз справа ідзе толькі пра нейкія навучанні, пра нейкія зборы, пра нейкае паляпшэнне мабілізацыі, так бы мовіць. То-бок сістэма трэніруецца пад момант, калі спатрэбіцца рабіць гэтую мабілізацыю. Але пакуль сведчанні пра тое, што ідзе масавы набор рэзервістаў ці запаснікоў, якія ідуць некуды служыць, – такога няма.

Перакідка войскаў таксама гэта не тое, што вельмі доўгае і новае. Цягам мінула года іх да ўкраінскай мяжы перакідвалі. І нават некаторыя эшалоны проста каталіся туды-сюды да Украіны і ў зваротным кірункую. Гэтыя ўсе манеўры маюць дзве празрыстыя мэты. Першая – сістэма рыхтуецца да магчымага ўступу ў вайну, калі такая сітуацыя складзецца. Гэта не значыць, што рашэнне прынятае, гэта значыць, што яны хочуць быць падрыхтаванымі да такога сцэнару. І другая – гэта каб трымаць суседзяў у напружанні. Гэта таксама яны не хаваюць, гэта яны робяць амаль заўсёды. Я думаю, што, улічваючы чаканне ўкраінскага контрнаступу, такіх пужалак з перакідваннем войскаў будзе, трэба будзе ствараць кропкі напружання ў рэгіёне, каб увага ўкраінцаў і краінаў НАТА размяркоўвалася не толькі на ўкраінскі наступ.  Але сапраўднай ваенна-вайсковай пагрозы для краін НАТА я тут не бачу, тут проста несувымерны ваенны патэнцыял. Прабачце, 15 беларускіх танкаў  Літву не захопяць. І таму гэта ўсё ж такі я разглядаю як інфармацыйную аперацыю.

 Цалкам гутарку слухайце ў далучаным файле:

Беларускае Радыё Рацыя

Фота: “Позірк”