Арцём Шрайбман: Будучыня Лукашэнкі залежыць ад Пуціна



Чарговыя выходныя ў Беларусі прайшлі пад лакальныя пратэстныя гулянні ў сталіцы і некаторых іншых гарадах. Беларусы абураны спробай забараніць на заканадаўчым роўні бел-чырвона-белы сцяг і падрыхтоўкай да правядзення Усебеларускага народнага сходу.

З „Госцем Рацыі”, палітычным аналітыкам Арцёмам Шрайбманам наша карэспандэнтка Вольга Сямашка пагутарыла пра тое, што яшчэ можа падштурхнуць «другую хвалю» супраціву і якая сіла можа дапамагчы ў вырашэнні палітычнага крызісу.

РР: Cпадар Арцём, вы зараз знаходзіцеся ў Менску. Скажыце, калі ласка, наколькі змянілася сталіца пасля жнівеньскіх падзеяў? Ці можам мы сказаць, што зараз горад набыў рысы „лагера для лішніх людзей”?

– Сам горад змяніўся толькі тым, што стала нашмат менш бел-чырвона-белых сцягоў і ўвогуле сімволікі бел-чырвона-белай. То бок іх дзесьці зафарбавалі, прымусілі людзей зняць. У астатнім – па нядзелях перасталі адключаць інтэрнэт, цэнтр горада не перакрыты з-за пратэстаў, а ўсё астатняе засталося, як і было раней. І самае сумнае, што закрыліся некаторыя ўстановы, якія ўдзельнічалі ў страйку і спынялі сваю працу на дзень, прычым як нейкія раскошныя і шыкоўныя рэстарацыі, так і абсалютна звычайныя кавярні. Катком прайшліся па ўсіх.

РР: А самі жыхары не баяцца выходзіць на вуліцу або больш часу праводзяць дома?

–  Час, калі быў вось гэты страх, быў адразу пасля выбараў, пасля першых дзён гвалту, калі ў дварах узрываліся светлашумавыя гранаты, калі па шкле стралялі. У нас па суседнім доме стралялі гумовымі кулямі. Думаю, што тады быў страх. І тады людзям, калі ім даводзілася выходзіць з дому і яны не ўдзельнічалі ў пратэстах, даводзілася пазбягаць месцаў, дзе іх могуць затрымаць проста таму, што яны ішлі міма і г.д. Але зараз, мне падаецца, вуліца перастала быць месцам сутыкнення. Па дварах яшчэ праходзяць акцыі пратэсту, і людзей затрымліваюць, але гэта ўжо не настолькі заўважна, як было ў жніўні і верасні.

РР: На вашую думку, якая тактыка ў пратэстоўцаў зараз? Калі чакаць другой хвалі сапраўды масавых пратэстаў на вуліцах гарадоў?

–  Цяпер тактыка даволі відавочная – гэта спроба зрабіць пратэст няспынным. Канешне, ёсць разуменне, што ідзе нейкі спад актыўнасці, але ўсё адно не трэба даваць уладам магчымасці як унутры краіны, так і на перамовах у Маскве сказаць, што “ўсё, мы перамаглі пратэст”. Таму людзі, можна сказаць прынцыпова, працягваюць выходзіць, таму што пакуль людзі выходзяць, пакуль ёсць затрыманні, пакуль улады вымушаныя з гэтым неяк змагацца, крызіс незавершаны. І Лукашэнка не можа аб’явіць сваю перамогу. Ён, канешне, можа аб’явіць, але не ўсе яму павераць.

Цалкам гутарку слухайце ў далучаным файле:

Беларускае Радыё Рацыя

Фота 34mag.net