Арцём Шрайбман: Будучыя лідары Беларусі мусяць паўтарыць удалыя падыходы кампаніі Віктара Бабарыкі
У межах заключнага дня працы анлайн-канферэнцыі Reshape 2022 эксперты абмеркавалі, які лідар можа дагрукацца да апалітычных беларусаў і каго яны ведаюць ужо цяпер.
Ва ўмовах адсутнасці ў беларусаў жадання ісці за лідарамі пад страхам рэпрэсій, але прагі мець агульную павестку, прыкладны партрэт лідара Новай Беларусі абазначыў палітычны аглядальнік Арцём Шрайбман:
– У лідараў беларускай палітыкі ёсць толькі адзін шлях да аўдыторыі – гэта медыйны. Няма магчымасці камунікаваць іначай, адпаведна калі чалавек гэтым займаецца ўнутры краіны, то ён хутчэй за ўсё не застаецца на волі. Дзякуй Богу, што ў нас ёсць рэдкія выняткі, іншыя палітыкі, якія яшчэ ў Беларусі. Калі мы трапляем у нейкую сітуацыю, дзе Віктар Бабарыка, Марыя Калеснікава і іншыя людзі з гэтай кампаніі атрымліваюць магчымасць весці кампаніі ў Беларусі, то на сённяшнім полі напэўна найбольшыя шанцы дагрукацца да гэтых людзей. Мы ўласна кажучы гэта і бачым гэта па рэйтынгах.
Важнасць выхаду новых лідараў з беларускай дыяспары, якія змогуць пасля ўключацца ў адбудову Беларусі пасля падзення рэжыму, падкрэсліў палітык, кандыдат у прэзідэнты Беларусі 2020 Андрэй Дзмітрыеў:
– Беларуская дыяспара сёння выглядае абсалютна не адмабілізаванай. Мы чытаем навіны пра дзясяткі і сотні тысячаў беларусаў, якія з’ехалі з краіны. Гэта ад’езд па палітычных прычынах, гэта не значыць, што за кожным гнаўся АМАП, але гэта значыць, што калі б не было гэтых палітычных змен, то людзі б не з’ехалі. Мабілізацыя беларусаў, якія з’ехалі, выбудоўванне іх дзейнасці, мне здаецца таксама з’яўляецца вельмі важным звяном. Гэта паказвае, што людзі не з’язджаюць і проста жывуць сваім жыццём. Гэта паказвае, што спадзяванне на нармальнае жыццё, яно працягвае існаваць і яно абсалютна рэалістычнае.
Паводле меркаванняў спікераў, у павестку дня працы з беларускім грамадствам будучым лідарам у сённяшніх варунках варта ўключаць тэмы з максімальным далучэннем аўдыторыі. Гэта пытанні эканамічнай несправядлівасці, карупцыі ў Беларусі і праблемы захавання незалежнасці краіны.
Беларускае Радыё Рацыя