Арцёму Пракапенку адмовілі ў памілаванні



Пра гэта палітычны вязень  паведаміў сваім сваякам 17 красавіка. Паводле ягоных словаў, у адказе камісіі аб памілаванні прычына адмовы не паведамляецца.

Як паведамляе Праваабарончы Цэнтр “Вясна”, сам дакумент Пракапенку не выдалі, але далі з ім азнаёміцца.  Арцём Пракапенка падаў прашэнне пра памілаванне сёлета  ў лютым. Раней Аляксандр Лукашэнка заяўляў, што вызваленне палітычных зняволеных магчыма толькі пасля іхняга асабістага звароту.

Арцём Пракапенка за кратамі знаходзіцца са студзеня 2011 года. Ён асуджаны на 7 гадоў пазбаўлення волі ва ўмовах узмоцненага рэжыму судом Бабруйскага раёна і горада Бабруйска паводле артыкулаў “злоснае хуліганства” і “пашкоджанне маёмасці ў асабліва буйным памеры”.  Ён праходзіў па справе разам з Яўгенам Васьковічам і Паўлам Сырамалотавым. Тэрмін зняволення Арцёма Пракапенкі сканчваецца 17 студзеня 2018 года.  Разам з Арцёмам Пракапенкам за кратамі застаюцца яшчэ 6  палітычных вязняў.

Беларускае Радыё Рацыя