Артур Міхальскі: Хочам бачыць наша суседства як шанец, а не як пагрозу
На Усходнім эканамічным кангрэсе, які праходзіць у Беластоку, акрамя ўласна эканамічных пытанняў, закранаюцца і палітычныя. Яны звязаныя, бо менавіта палітычны настрой фарміруе эканамічны клімат.
Польска-беларускія стасункі Амбасадар Польшчы ў Беларусі Артур Міхальскі называе дынамічнымі:
– Зараз ёсць вельмі добрая дынаміка двухбаковых адносін у тым плане, што ёсць шмат кантактаў, і я б сказаў такім чынам, што зараз палітычнае надвор’е зусім іншага характару, чым гэта было раней. Гэта добрая з’ява. Але ёсць да гэтай пары шмат пытанняў, якія нам трэба вырашаць. Але многія людзі ў Беларусі і ў Польшчы разумеюць, што надышоў час, каб гэтыя пытанні паступова вырашыць. Самае галоўнае – гэта ўсведамленне таго, што ў нас ёсць агульная гістарычная спадчына.
Зараз лепшае палітычнае надвор’е, і праклад таму – Усходні эканамічны кангрэс, на якім шмат удзельнікаў з Беларусі. Некалькі гадоў таму сітуацыя была абсалютна іншая. Мы ідзём у добрым кірунку.
РР: Якое адно вельмі прынцыповае пытанне Вы б акрэслілі?
Артур Міхальскі: Скажу агульнымі словамі – гэта бачыць наша суседства як шанец, а не як пагрозу. Доўгія гады многія глядзелі падазрона на гэты працэс. Зараз мы пачынаем бачыць нашыя адносіны як шанец. І гэта прынясе свае плады. Я ў гэтым перакананы. Я не ведю, калі гэта будзе, але гэта будзе.
РР: Мінулы год адзначыўся тым, што было шмат візітаў на высокім роўні. Можа штосьці яшчэ зараз рыхтуецца?
Артур Міхальскі: У пачатку кастрычніка будзе сустрэча міністраў замежных спраў ЕЗ і “Усходняга партнёрства” ў Менску. Думаю, што будзе на высокім роўні дэлегацыя з Польшчы. Гэта будзе вельмі важная падзея. Дзесяць гадоў таму мы прапанавалі “Усходняе партнёрства” як падыход да нашых усходніх партнёраў, каб у другіх еўрапейскіх краінах праяўлялі цікавасць да нашых усходніх суседзяў. Некаторыя краіны скарысталіся гэтым шанцам у большай ступені, іншыя – у меншай. Зараз ёсць такая сітуацыя ў Беларусі, што ў Менску вяртаюцца да ідэі «Усходняга партнёрства», як да шанцу, а не пагрозы. І мне падаецца, што гэтая праграма зараз становіцца больш цікавай для Менска, чым гэта было раней.
Афіцыйны Менск рыхтуецца да сустрэчаў на высокім роўні ў рамках «Усходняга партнёрства», якія пройдуць у пачатку кастрычніка. 25 верасня, між іншым, кіраўнік беларускага МЗС Уладзімір Макей падчас Генасамблеі ААН перадаў запрашэнне кіраўніку польскага МЗС Яцэку Чапутовічу. Таксама міністры абмеркавалі актуальныя пытанні двухбаковага супрацоўніцтва.
Цалкам гутарка ў далучаным гукавым файле:
Гутарыў Улад Грынеўскі, Беларускае Радыё Рацыя