Артур Міхальскі: “Мы, як суседзі, павінны нанова адкрываць адно аднаго”
“Мы, як суседзі, павінны нанова адкрываць адно аднаго. Патэнцыял для нашага супрацоўніцтва – выдатны”, — кажа амбасадар Польшчы ў Беларусі Артур Міхальскі, каментуючы існы стан беларуска-польскіх дачыненняў. Паводле яго, суседства нашых краін трэба выкарыстоўваць як добры шанец, каб у выніку выйгралі абодва бакі.
Таксама амбасадар звяртае ўвагу на мяжу, якая пакуль застаецца значнай перашкодай:
— Польшча — гэта тая краіна, якая адназначна выступае за тое, каб усходняя мяжа Еўразвязу не была мяжой цяжкай для пераадолення. Шмат гадоў мы стараемся ўвесці так званы «малы памежны рух». Як вядома, нам не ўдалося да канца дамовіцца з беларускім бокам. Мы выдаём найбольшую колькасць віз з усіх еўрапейскіх краін, якія ў Менску выдаюць візы. Больш за 40 тысяч віз штогод.
Паводле дыпламата, палітычныя стасункі на ўзроўні Менска і Варшавы апошнім часам актывізаваліся, але гэта не азначае, што Польшча забывае пра фундаментальныя прынцыпы:
— Гэты, даволі разгорнуты цяпер, палітычны дыялог не азначае, што аўтаматычна зніклі ўсе праблемы. Традыцыйна існуючыя праблемы, якія тычаць абсалютна рознага разумення пытанняў свабод, свабоды сходаў, выказванняў і таксама пытання статусу палякаў, што жывуць у Беларусі, пытання гістарычнай памяці. Усе гэтыя пытанні прысутныя у нашых дыялогу.
У бліжэйшы час запланаваны візіт у Польшчу старшыні Савета Рэспублікі Беларусі Міхаіла Мясніковіча. 24 кастрычніка ён прыме ўдзел у бізнес-форуме ў Варшаве, падчас якога прадугледжана падпісанне двухбаковых дакументаў і правядзенне перамоваў паміж беларускімі і польскімі дзелавымі коламі. Таксама дэлегацыя на чале з Мясніковічам наведае Беласток.
Поўную гутарку слухайце ў далучаным аўдыёфайле:
Гутарыла Яна Запольская, Беларускае Радыё Рацыя