Артур Міхальскі: Незалежнасць – гэта магчымасць вырашаць свой лёс



101-я гадавіна незалежнасці Польшчы была адзначана ў Менску ў Вялікім тэатры. Прагучалі сімфанічныя творы Станіслава Манюшкі і сюіта па матывах песень Чэслава Немана. Перад пачаткам канцэрту да прысутных звярнуліся амбасадар Польшчы ў Беларусі Артур Міхальскі, а таксама намеснік міністра замежных справаў Беларусі Алег Краўчанка.

Артур Міхальскі нагадаў, што ў тысячагадовай гісторыі Польшчы шмат разоў даводзілася бараніць незалежнасць і змагацца з агрэсарамі. „Мы 123 гады былі пад акупацыяй. Але ацалелі і вярнулі сабе свабодную радзіму”, – нагадаў амбасадар:

– Незалежнасць – гэта перш за ўсё магчымасць свабодна выбіраць сваю будучыню, вырашаць свой лёс самастойна. Цяпер Польшча свабодная і гэтым правам карыстаецца. Мы адчуваем глыбокую сувязь з сям’ёй свабодных еўрапейскіх народаў, мы імкнемся быць добразычлівым суседам, таксама добразычлівым суседам Беларусі.

Гэта было адной з асноўных прычынаў ініцыятывы Польшчы і Швецыі па стварэнню „Усходняга партнёрства”, 10-я гадавіна якога адзначалася ў гэтым годзе. Сэнс гэтай ініцыятывы — у мадэрнізацыі, скіраванай на ўсходніх партнёраў. А таксама гэта спроба звярнуць увагу Еўрапейскага Звязу на тое, што ў краін, якія сталі незалежнымі пасля распаду Савецкага Саюзу, ёсць свае памкненні, для якіх Еўропа павінна быць адкрытай.

„Сёння Польшча і Беларусь вядуць актыўны палітычны дыялог, развіваюць эканамічнае супрацоўніцтва, адкрываюць патэнцыял суседства, знаходзяць супольныя інтарэсы. І я веру, што мы будзем і надалей ісці гэтым шляхам”, – сказаў Артур Міхальскі.

Беларускае Радыё Рацыя, Менск