У Беларусі запланаваныя пікеты ў падтрымку ўкраінскай лётчыцы (абноўлена)
У Менску і Магілёве запланаваныя пікеты ў падтрымку ўкраінскай лётчыцы Надзеі Саўчанкі.
На думку заяўніка пікетаў, улады іх дазволяць, бо выступаюць міратворцамі канфлікту на Данбасе, таму забарона такога пікету сапсуе міратворчы імідж і пакажа няшчырасць беларускай улады.
Актывіст Аб’яднанай грамадзянскай партыі Мікалай Гладышаў падаў тры заяўкі на правядзенне пікетаў у падтрымку ўкраінскай лётчыцы Надзеі Саўчанкі.
Два пікеты ён хоча правесці ў Магілёве, трэці – у Менску, каля расейскай амбасады. Мэта пікетаў – выказаць падтрымку ўкраінскай лётчыцы і заявіць пратэст супраць яе незаконнага затрымання і арышту. Актывіст хоча патрабаваць неадкладнага вызвалення Саўчанкі.
* * *
Басманны суд Масквы падоўжыў арышт Надзеі Саўчанкі да 30-га чэрвеня. Паводле следчых, у справе ўкраінскай лётчыцы былі дапытаныя 108 тысяч сведак, з іх, нібыта, 21 тысяча – пацярпелыя.
Саўчанка ўтрымліваецца ў Расеі пасля выкрадання ў чэрвені 2014 году пад Луганскам. Яна абвінавачваецца нібыта ў датычнасці да забойства двух журналістаў на Данбасе. Усе абвінавачванні яна катэгарычна адхіляе.
МЗС Украіны заяўляе, што Саўчанку ўтрымліваюць незаконна. Вызваліць лётчыцу заклікаюць Еўразвяз і ЗША.
Беларускае Радыё Рацыя
Фота interfax.ru