Асамблея НДА – за дыялог паміж грамадскасцю і дзяржавай
Заснаваная ў 1997 годзе Асамблея НДА – гэта найбуйнейшае ў Беларусі аб’яднанне няўрадавых дэмакратычных арганізацый і ініцыятыў. Сёння яна ўключае больш за 300 арганізацый. Аднак за апошнія гады грамадскі і палітычны сектар зменшыўся. Паўплывала на гэта змена заканадаўства, якая пагоршыла ўмовы для грамадскай дзейнасці, а таксама рэпрэсіі ўладаў, кажа старшыня рабочай групы Асамблеі НДА Сяргей Мацкевіч:
– Такі вялікі бар’ер для ўдзелу ў грамадскай дзейнасці – магчымасць крымінальнага пераследу – ніяк не спрыяе прытоку новых сябраў. І гэта дамоклавым мячом вісіць над будучымі грамадскімі актывістамі. Пра гэта памятаюць улады і перыядычна нагадваюць, маўляў, такі артыкул існуе, і калі вы будзеце дзейнічаць не зусім у тых рамках, якія мы вам абазначылі, вы можаце быць прыцягнутыя да адказнасці.
Рабочая група асамблеі НДА выступае за дыялог паміж грамадскасцю і дзяржавай. Паводле арганізацыі, гэта ўзмацніла б грамадзянскую супольнасць і развіла дэмакратыю ў Беларусі. Аднак такі дыялог будзе магчымы толькі тады, калі члены незалежных арганізацыі не будуць рэпрэсаваныя.
Уля Шубзда, Беларускае Радыё Рацыя
Фота eurobelarus.info