«Ашуканы Крым»: паліцыя разагнала мітынг супраць расейскай улады
У Сімферопалі паліцыя разагнала мітынг супраць палітыкі расейскіх уладаў у Крыме, на які былі атрыманы дакументы аб узгадненні. Як паведамляе „Эхо Москвы”, мерапрыемства пад назвай „Ашуканы Крым” павінна было прайсці ў Сімферопалі ў суботу.
Арганізатары заяўлялі пра намер вывесці на плошчу да 1000 чалавек, у крымскіх СМІ былі апублікаваныя фатаграфіі афіцыйных лістоў МУС і гарадской адміністрацыі пра ўзгадненне публічнай акцыі.
Пасля, зрэшты, там жа з’явіліся паведамленні пра тое, што мерапрыемства ўлады праводзіць не дазваляюць.
„У выніку, калі меркаваць па відэазапісах з месца падзей, у сквер перад Палацам прафсаюзаў выйшлі дзясяткі людзей, туды ж прыбыў нарад паліцыі, якая запатрабавала не пачынаць мітынг”, – гаворыцца ў паведамленні.
Арганізатары паказвалі ім дакументы і расказвалі пра законы, але ў адказ праваахоўнікі паўтаралі адну фразу: „Вас увялі ў зман, мерапрыемства не ўзгоднена».
У выніку акцыю праводзіць не сталі, некалькі актывістаў затрыманыя.
Фота primechaniya.ru