Асноўны дзень галасавання на прэзідэнцкіх выбарах у Беларусі (абноўлена)



У Беларусі закрываюцца выбарчыя ўчасткі. Па стане на 18:00 яўка выбарцаў па Беларусі склала 79,01%, паведамляе Цэнтрвыбаркам. На многіх участках для галасаваньня ў Менску ўтварыліся вялізныя чэргі з выбарнікаў, незалежныя назіральнікі заяўляюць, што на некаторых з іх яўка ўжо перавысіла сто працэнтаў, паведамляе Tut.by.

Незалежныя назіральнікі расказалі парталу пра магчымае перавышэнне максімальнай яўкі на ўчастках для галасаваньня № 21 і № 22, размешчаных у будынку гімназіі № 43. Паводле назіральнікаў, людзі скардзяцца на вялікую колькасць сапсаваных бюлетэняў, якія ім выдаюць: некаторыя з меткамі або кропкамі, нейкія нават пашкоджаныя — іх замяняюць толькі па патрабаванні выбарнікаў. На 42-м участку Першамайскага раёна Менска на 40 хвілін спынялася галасаванне. Прычына — не хапіла бюлетэняў.

* * *

Паводле звестак на 16.00, яўка выбаршчыкаў на выбарах прэзідэнта Беларусі склала 73,4%, паведаміў намеснік старшыні Цэнтрвыбаркама Вадзім Іпатаў падчас прамой відэатрансляцыі з ЦВК.

У Берасцейскай вобласці прагаласавалі 75,11% выбаршчыкаў, у Віцебскай — 75,5%, Гомельскай — 81,87%, Гарадзенскай — 75,66%, Менскай — 72,30%, Магілёўскай — 80,29%. У Менску яўка склала 58,79% выбаршчыкаў.

* * * 

Паводле звестак на 14.00 яўка выбаршчыкаў на выбарах прэзідэнта склала 65,19%, паведаміў намеснік старшыні Цэнтрвыбаркама Вадзім Іпатаў падчас прамой відэатрансляцыі з ЦВК. У Берасцейскай вобласці прагаласавала 63,05% выбаршчыкаў, у Віцебскай — 67,35%, Гомельскай — 75,83%, Гарадзенскай — 65,75%, Менскай — 64,21%, Магілёўскай — 72,57%. Яўка па Менску склала 52,03%.

„У выбарчым працэсе ажыццяўляецца назіранне, — сказаў Іпатаў. — Я яшчэ раз звярну ўвагу, што акрэдытавана нацыянальных назіральнікаў 53.868 чалавек. Гэта на 10 тысяч больш, чым на папярэдніх прэзідэнцкіх выбарах у 2015 годзе, і практычна на 20 тысяч больш, чым на папярэдніх парламенцкіх выбарах”.

 
* * * 
 
Сёння, 9 жніўня,  — асноўны дзень галасавання на выбарах прэзідэнта. Вынікі датэрміновага галасавання, якое доўжылася з 4 па 8 жніўня, стануць вядомыя сёння праз некалькі гадзін. Паводле звестак Цэнтрвыбаркама, на раніцу 7 жніўня яўка выбаршчыкаў склала 32,24%. Праваабаронцы заяўляюць пра беспрэцэдэнтную колькасць парушэнняў і завышэнне яўкі.

Гэта ўжо шостыя прэзідэнцкія выбары ў гісторыі Беларусі. Першыя адбыліся ў 1994 годзе — іх выйграў дэпутат Вярхоўнага Савета Аляксандр Лукашэнка. Усе наступныя выбары (у 2001, 2006, 2010 і 2015 гадах), па выніках якіх пасада прэзідэнта заставалася за Лукашэнкам, міжнародная супольнасць не прызнала сумленнымі і адпавядаючымі дэмакратычным стандартам.

На пасаду прэзідэнта Беларусі прэтэндуюць пяць кандыдатаў: Андрэй Дзмітрыеў — сустаршыня грамадскага аб`яднання „Гавары праўду”, Ганна Канапацкая — былы дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу, Аляксандр Лукашэнка — дзейны кіраўнік дзяржавы, Святлана Ціханоўская — жонка блогера і палітвязня Сяргея Ціханоўскага, Сяргей Чэрачэнь — старшыня партыі „Беларуская сацыял-дэмакратычная Грамада”.

Для галасавання на выбарах створана 5.767 участкаў, у тым ліку 44 — за мяжой.

Асаблівасцю цяперашняй кампаніі з`яўляецца адсутнасць заходніх назіральнікаў, якія не змаглі прыехаць у Беларусь у сувязі з тым, што своечасова не атрымалі запрашэння ад беларускіх уладаў.

Сёлета пры датэрміновым галасаванні на выбарчых участках павінна знаходзіцца не больш за тры назіральнікі — такое рашэнне ЦВК прыняў „у сувязі з эпідэміялагічнай сітуацыяй”. Аднак праваабаронцы лічаць, што такім чынам Цэнтрвыбаркам „стварыў умовы для маніпуляцый, зрабіў выбарчы працэс яшчэ больш закрытым для грамадскасці”. Большасць дапушчаных на ўчасткі назіральнікаў прадстаўляюць прадзяржаўныя грамадскія аб`яднанні, што робіць выбарчы працэс цалкам недаступным для незалежнага назірання і нетранспарэнтным, заявіла кампанія „Праваабаронцы за свабодныя выбары”.

У сваю чаргу кампанія назірання „Права выбару — 2020” заявіла пра „беспрэцэдэнтна высокі націск на незалежных назіральнікаў” на гэтых выбарах. За чатыры дні датэрміновага галасавання былі арыштаваныя або затрыманыя да суда 17 назіральнікаў „Права выбару”. На большасці выбарчых участкаў афіцыйная колькасць тых, хто прагаласавалі, значна перавышае звесткі назіральнікаў.

IT-спецыялісты і неабыякавыя грамадзяне стварылі інтэрнэт-платформу „Голас”, мэта якой — зрабіць працэс падліку галасоў больш празрыстым. 6 жніўня Аляксандр Лукашэнка даручыў Генпракуратуры ацаніць законнасць ініцыятыў па альтэрнатыўным падліку галасоў у дзень выбараў. На наступную раніцу Генпракуратура распаўсюдзіла паведамленне, у якім папярэдзіла аб незаконнасці альтэрнатыўнага падліку галасоў. Між тым ужо блізу сярэдзіны дня 8 жніўня на платформе „Голас” зарэгістравалася больш за мільён выбаршчыкаў.

Прэзідэнцкая кампанія 2020 года адзначаецца жорсткімі дзеяннямі ўладаў у дачыненні да альтэрнатыўных удзельнікаў выбараў, іх прыхільнікаў і ўдзельнікаў мірных пратэстаў. Занепакоенасць грубымі парушэннямі правоў чалавека ў Беларусі выказала міжнародная праваабарончая супольнасць, ЕС і еўрапейскія інстытуты, а таксама асобныя краіны і іх лідары. Яны заклікалі беларускія ўлады ўстрымацца ад гвалту ў дачыненні да ўласных грамадзян.

belapan.by