Асноўныя сілы – аб’ядналіся



Так пра беларускі праймерыз кажа палітолаг Валерый Карбалевіч. Пачаўся прыём заявак ад патэнцыйных кандыдатаў на ўдзел у вызначэнні адзінага кандыдата ад дэмакратычных сілаў на выбарах 2020 года. Заяўкі ад ахвотных удзельнічаць у працэдуры прымаюцца да 16 лютага. Разгляд заявак скончыцца да 3 сакавіка.

У праймерыз аб’ядналіся галоўныя структуры, кажа Валерый Карбалевіч, але хто можа яшчэ далучыцца – каментуе аналітык:

– З сур’ёзных структур, якія не ўключаны сюды, я б разглядаў толькі «Гавары праўду», якая ідзе самастойна. Калякін не далучыўся, але ж Калякін у 2015 годзе не сабраў 100 000 подпісаў. Адной партыі 100 000 подпісаў сабраць немагчыма. Так што асноўныя сілы, у прынцыпе, аб’ядналіся.

Левую партыю «Справядлівы свет» не запрашалі да праймерыз, яны заяўляюць пра свайго кандыдата. Раней пра свой намер вылучацца на прэзідэнцкую пасаду выказвалі лідар партыі «Народная грамада» Мікола Статкевіч, лідар «Грамады» Сяргей Чэрачэнь, «суворы турыст» Віталь Зялкоўскі. Пра вылучэнне ўласнага кандыдата заявіла таксама кампанія «Гавары праўду». Старшыня Беларускага кангрэса дэмакратычных прафсаюзаў Аляксандр Ярашук таксама заявіў пра намер узяць удзел у прэзідэнцкай кампаніі.

Улад Грынеўскі, Беларускае Радыё Рацыя