Асоба Ціханоўскага. Трэція ўгодкі зняволення
Прэтэндэнта на пост прэзідэнта Рэспублікі Беларусь Сяргея Ціханоўскага затрымалі 29 траўня 2020 году ў Гародні. Падчас сустрэчы з выбарцамі.
Калі ягоны канкурэнт, а хутчэй калега па выбарах, банкір Віктар Бабарыка рэпрэзентаваў крэатыўны клас, то Сяргей Ціханоўскі перад выбарамі 2020 году набіраў вялікую папулярнасць сярод тых, каго прынята называць «простым народам».
Асоба Сяргея Ціханоўскага не паспела выразна зафіксавацца ў найноўшай гісторыі. Арганізатар музычных вечарынак, выканаўца песень. Мне ў памяці запаў той факт, што перад выбарамі ён запісаў трэк «Разбурыць муры» адначасова ў дзвюх версіях: расейскамоўнай і беларускамоўнай.
Значыць ягоная каманда дапускала ўзняцце не проста дэмакратычнага, а нацыянальна-дэмакратычнага руху.
Так і сталася – у народзе перамаглі беларускія «Муры», а нацыянальную сімволіку людзі самі без падказак узялі ў свае рукі.
Сяргея Ціханоўскага Лукашэнка выбіў з палітычнай гульні на самым пачатку. Але прозвішча «Ціханоўскія» ведае ўвесь дэмакратычны свет дзякуючы жонцы Святлане.
«Хай ён там згніе ў турме», — сказаў на нарадзе са сваімі падначаленым колішні міністр унутраных справаў прафесійны наглядчык за вязнямі Юры Караеў.
Працытаваную фразу мы ведаем дзякуючы падпольшчыкам з ініцыятывы «Кіберпартызаны». Я ўпэўнены, што Караеў цытаваў Лукашэнку. Бо самастойна «займацца палітыкай» у Беларусі – гэта асуджаць сябе на вялікія праблемы.
Апошні раз мы ўбачылі штосьці выразнае пра Ціханоўскага 10 кастрычніка 2020 году, калі Лукашэнка прыбыў у турму КГБ «Амерыканку» на сустрэчу з затрыманымі прэтэндэнтамі на пост прэзідэнта ды сябраў іх штабоў.
І Віктар Бабарыка і Сяргей Ціханоўскі трымаліся з годнасцю. І як мы цяпер ведаем, ні на якія здзелкі з узурпатарам улады не пайшлі.
Пра Віктара Бабарыку мы ведаем, што адносна нядаўна яго моцна збілі. Што робяць з Сяргеем Ціханоўскім, мы дакладна не ўяўляем.
Думаю, што яго гнабяць за кратамі ўсялякімі спосабамі. Бо Лукашэнка асабіста помсціць тым, хто замахнуўся на прэзідэнцтва. Бо ўспрымае падобныя дзеянні як замах на самога сябе.
Сяргея Ціханоўскага катуюць за кратамі, але справа ягоная жыве, бо ягоныя прыхільнікі збольшага застаюцца ў Беларусі.
Лукашэнка перад сваім палітычным ці нават фізічным сконам яшчэ паспее нарабіць бяды на адрас сваіх апанентаў.
Але цывілізацыйныя муры ўжо рушацца. І новыя свабодныя выбары будуць. Спадзяюся, з удзелам Сяргея Ціханоўскага.
Беларускае Радыё Рацыя