Атака расейскага самалёта пад Менскам: чатыры версіі падзей
У нядзелю на аэрадроме ў Мачулішчах пад Менскам невядомыя пры дапамозе дронаў атакавалі расейскі самалёт-наводчык А-50. Адказнасць за атаку ўзялі на сябе беларускія партызаны.
Сітуацыю ацаніў ваенны эксперт, сузаснавальнік Асацыяцыі беларускіх ветэранаў Андрэй Кушняроў:
– Ёсць чатыры магчымыя выканаўцы. Гэта маглі зрабіць украінцы. Ёсць варыянт, што гэта зрабілі, напрыклад, самі расейцы, каб падштурхнуць Лукашэнку да нейкіх дзеянняў. Ёсць варыянт, што гэта зрабілі партызаны, беларускія людзі, якія знаходзяцца ўнутры краіны. Ёсць версія, што Лукашэнка сам аддаў загад гэта зрабіць, каб намякнуць расейцам, што трэба знізіць актыўнасць у рэгіёне, каб яны баяліся. Бо ўвесь час узлятаюць расейскія самалёты.
Пасля атакі расейскага самалёта ў Мачулішчах, у Беларусі назіраецца праверка ДАІ асабістага транспарта і грамадзян у асобных раёнах. Адпаведна маюцца паведамленні пра затрыманні ў саміх Мачулішчах пад Менскам. Афіцыйных заяваў з Менску і Масквы не паступала.
Беларускае Радыё Рацыя