Авіякампанія Iraqi Airways на бліжэйшы тыдзень адмяніла ўсе рэйсы ў Менск
Авіякампанія Iraqi Airways на бліжэйшы тыдзень адмяніла ўсе рэйсы ў Менск. Пра гэта кампанія паведаміла ў сваіх сацсетках.
„Пачынаючы з 5 жніўня, авіязносіны спыняюцца на адзін тыдзень. На працягу гэтага перыяду пасажыры могуць змяніць даты браніравання альбо аформіць зварот квіткоў без штрафаў”, — гаворыцца ў паведамленні.
Раней паведамлялася, што Iraqi Airways арганізуе рэйсы ў Менск яшчэ з трох гарадоў Ірака — Сулейманам, Басры і Эрбіля. З Багдада ў Менск лёталі самалёты гэтай жа авіякампаніі чатыры разы на тыдзень і кампаніі FlyBaghdad — два разы на тыдзень.
Раней пра магчымае спыненне рэйсаў на 10 дзён паведаміў пасол Еўрапейскага саюза ў Іраку Марцін Хут са спасылкай на „некалькі крыніц”. Паводле яго слоў, Iraqi Airways праінфармавалі пра гэта ўсе турыстычныя агенцтвы сваёй краіны. Дыпламат таксама паведаміў, што іракскі ўрад 3 жніўня сфармаваў камітэт для расследавання магчымага незаконнага ўвозу іракскіх мігрантаў у Літву праз Беларусь.
4 жніўня Дзяржпагранкамітэт Беларусі паведаміў, што на беларуска-літоўскай мяжы памёр іншаземец. „Уначы, паводле інфармацыі мясцовых жыхароў, паблізу беларуска-літоўскай мяжы ў раёне населенага пункта Беняконі знойдзены мужчына неславянскай знешнасці, — гаворыцца ў паведамленні. — Знешне стан ацэньваўся як вельмі цяжкі. Беларускія памежнікі на месцы аказалі першую медыцынскую дапамогу, але, нягледзячы на гэта, мужчына памёр”. Інфармацыя аб гібелі чалавека на беларуска-літоўскай мяжы з’явілася раніцай 4 жніўня ў беларускіх праўладных тэлеграм-каналах. Канал „Пул Першага” паведаміў, што „аб шакавальным забойстве іракца, які вяртаўся з Літвы”, неадкладна праінфармаваны Аляксандр Лукашэнка. Міністр абароны Літвы Арвідас Анушаўскас назваў інцыдэнт з гібеллю мігранта на мяжы з Беларуссю правакацыяй.
5 жніўня Аляксандр Лукашэнка даручыў сілавым структурам узмацніць працу па ахове дзяржаўнай мяжы і прадухіленні фактаў яе парушэння. „З сённяшняга дня ні адна нага на тэрыторыю Беларусі з сумежнага боку, ці з Поўдня ці з Захаду, ступіць не павінна. Як вы будзеце гэта рабіць — вось пасля гэтай нарады, абмяркуем, зберацеся ў дзяржсакратара. Тут міністр МУС, міністр абароны. Закрыйце кожны метр мяжы”, — даручыў Лукашэнка.
Літоўскіх памежнікаў абавязалі вяртаць нелегалаў на тэрыторыю Беларусі. Кіраўнік МУС Літвы Агне Білатайце паведаміла, што ў працэсе аховы дзяржмяжы і для яе абароны ад нелегальных мігрантаў памежнікаў абавязалі накіроўваць просьбітаў прытулку да найбліжэйшага міжнароднага кантрольна-прапускнога пункта або ў дыппрадстаўніцтва.
Усяго з пачатку 2021 года (на 5 жніўня) у Літве затрымалі 4.110 нелегалаў, якія прыбылі з беларускай тэрыторыі, — у 50,7 разу больш, чым за ўвесь 2020-ты (81 чалавек).