Азербайджан пагражае абстраляць АЭС у Арменіі
Азербайджан можа здзейсніць з высокай дакладнасцю ракетны стрэл па Мецаморскай АЭС у Арменіі ў разе, калі Ераван наважыцца страляць па стратэгічных аб’ектах Азербайджану, заявіў кіраўнік прэс-службы азербайджанскага Мінабароны палкоўнік Вагіф Даргяхлы.
„Армянскі бок не павінен забываць, што навейшыя ракетныя сістэмы, якія ёсць на ўзбраенні нашай арміі, з высокай дакладнасцю здольныя нанесці ўдар па Мецаморскай АЭС, а гэта стане для Арменіі вялікай трагедыяй”, – сказаў Даргяхлы, каментуючы пагрозы армянскага боку ўдарыць па Мінгечэвірскім вадасховішчы ў Азербайджане.
Заява прагучала на фоне абвастрэння на армяна-азербайджанскай мяжы.
12 ліпеня пачаліся баявыя сутыкненні на армяна-азербайджанскай мяжы. Яны доўжыліся тры дні ў сумежных раёнах – Тавузскім (Азербайджан) і Тавушскім (Арменія). Гэтыя раёны мяжуюць таксама з Грузіяй і знаходзяцца ў некалькіх сотнях кіламетраў ад непрызнанага Нагорнага Карабаха, дзе сітуацыя заставалася спакойнай.
Паводле інфармацыі азербайджанскага боку, загінулі 11 азербайджанскіх ваенных. Армянскі бок заявіў пра 4 загінуўшых і 20 параненых.
Азербайджан і Арменія перакладваюць віну за абстрэлы адзін на аднаго.
Беларускае Радыё Рацыя