Бабарыка: Мінімум 80% у цяперашняй уладзе — адэкватныя людзі



 Мінімум 80% у цяперашняй уладзе — адэкватныя людзі, але ім трэба даць магчымасць прымаць рашэнні. Такое меркаванне выказаў прэтэндэнт на пасаду прэзідэнта Віктар Бабарыка ў інтэрв’ю блогеру Марату Мінскаму, якое апублікаванае 16 чэрвеня.

„У нас дастаткова шмат людзей у дзейнай уладзе, гатовых узяць на сябе адказнасць і за выканаўчую ўладу, і за заканадаўчую ўладу, і за судовую”, — сказаў ён.

На пытанне, ці будуць звольненыя цяперашнія чыноўнікі, Бабарыка адказаў адмоўна. „Я 20 гадоў працаваў у банку, за гэтыя 20 гадоў з многімі сустракаўся, з многімі знаёмы, і я сапраўды ўпэўнены, што мінімум 80% ва ўладзе дастаткова адэкватных людзей, — сказаў прэтэндэнт на пасаду прэзідэнта. — Урад, які рыхтаваў меры па падтрымцы эканомікі ў посткавідны перыяд (урад на чале з Сяргеем Румасам, якога на пасадзе прэм’ер-міністра 4 чэрвеня паводле рашэння прэзідэнта змяніў былы старшыня Дзяржкамваенпрама Раман Галоўчанка. — БелаПАН.), там 80% прапаноў добрых. Прынятыя 20. Таму ўявіце сабе сітуацыю, калі прыйшлі і сказалі: хлопцы, вы ўжо гатовыя 80% добрых прапаноў рабіць. Вас проста не слухаюць, ад вас патрабуюць толькі выканання таго, што сказалі зверху. А калі да вас прыйдуць і скажуць: рабіце тое, што вы лічыце патрэбным, вы пераканалі, дык атрымліваецца гісторыя, з майго пункта гледжання, самая выдатная. Людзей нават матываваць не трэба, яны ведаюць, што рабіць, яны хочуць гэта рабіць. Гэта самыя лепшыя работнікі”.

„Чамусьці ўсе чакаюць, што слова „рэформа”, „прыватызацыя” — гэта прыйшоў і „до основанья, а затем”. Я спрабую заўсёды ўсім данесці: я чалавек — не рэвалюцыянер, я не разбуральнік, я стваральнік. А для таго каб ствараць, трэба спачатку шанаваць, што ў цябе ёсць, я аптымізатар ў душы”, — дадаў Бабарыка.

belapan.by