Бабарыка падаў у ЦВК заяву пра парушэнне Лукашэнкам выбарчага заканадаўства



Прэтэндэнт на пасаду прэзідэнта Беларусі Віктар Бабарыка 1 чэрвеня падаў у Цэнтрвыбаркам заяву аб парушэнні заканадаўства аб выбарах. Тэкст заявы апублікаваны на яго сайце babariko.by.

У дакуменце Бабарыка пералічвае факты вядомых яму парушэнняў падчас выбарчай кампаніі.

У прыватнасці, ён паказвае на ўдзел адміністрацыі ўстаноў і арганізацый у зборы подпісаў для вылучэння Аляксандра Лукашэнкі кандыдатам у прэзідэнты. „У СМІ, у сацыяльных сетках і telegram-каналах у перыяд з 25 па 31 мая 2020 года было размешчана мноства публікацый, якія пацвярджаюць парушэнне ч. 10 арт. 61 Выбарчага кодэкса Рэспублікі Беларусь у працэсе збору подпісаў для вылучэння кандыдатам у прэзідэнты дзейнага прэзідэнта Рэспублікі Беларусь Лукашэнкі Аляксандра Рыгоравіча, — адзначаецца ў заяве. — Згодна з ч. 10 арт. 61 Выбарчага кодэкса, удзел адміністрацыі арганізацыі ў зборы подпісаў, роўна як і прымус у працэсе збору подпісаў і ўзнагарода выбаршчыкаў за ўнясенне подпісу, не дапускаюцца. Усе подпісы выбаршчыкаў, сабраныя з парушэннем дадзенага правіла, лічацца несапраўднымі паводле ч. 18 арт. 61 Выбарчага кодэкса”.

Акрамя таго, падкрэслівае Бабарыка, у адпаведнасці з арт. 68-1 Выбарчага кодэкса такія дзеянні з’яўляюцца падставай для адмовы ў рэгістрацыі кандыдата ў прэзідэнты. У якасці доказаў прыкладзеныя „аўдыя- і відэаролікі, скрыншоты перапіскі ў мэсэнджарах, паведамленні розных асоб аб фактычных абставінах збору подпісаў”.

„У мяне няма падстаў сумнявацца ў сапраўднасці апублікаваных звестак, паколькі, згодна з арт. 4 Закона Рэспублікі Беларусь „Аб СМІ”, адным з асноўных прынцыпаў дзейнасці сродкаў масавай інфармацыі з’яўляецца дакладнасць інфармацыі, — падкрэсліў Бабарыка. — Варта адзначыць, што для кваліфікацыі дзеянняў адміністрацыі як дзеянняў, якія перашкаджаюць свабоднаму волевыяўленню грамадзян, неабходна і дастаткова, каб збор подпісаў ажыццяўляўся прадстаўнікамі адміністрацыі арганізацыі (установы) у адносінах да асоб, якія знаходзяцца ад іх у службовай ці іншай залежнасці. Кожны раз, калі адміністрацыя звяртаецца да залежнай асобы з загадам або нават з просьбай паставіць подпіс за адну з асоб, што вылучаецца, — гэта, безумоўна, з’яўляецца ўдзелам адміністрацыі ў зборы подпісаў, незалежна ад таго, дзе, у які час і з прыцягненнем якіх асоб ён адбываецца”.

Бабарыка таксама паказвае на парушэнні заканадаўства аб выбарах у сувязі з агітацыяй пры вылучэнні Лукашэнкі ў якасці кандыдата ў прэзідэнты. Да прыкладу, падчас наведвання 29 мая Мінскага трактарнага завода той зрабіў „шэраг заяў, якія павінны быць ацэненыя з пункту гледжання дзейных нормаў выбарчага заканадаўства”, у тым ліку дапусціў шэраг выказванняў у дачыненні да іншых асоб, якія вылучаюцца кандыдатамі ў прэзідэнты.

„У адпаведнасці з арт. 155 Выбарчага кодэкса Беларусі перадвыбарнай агітацыяй, у прыватнасці, з’яўляецца дзейнасць грамадзян Рэспублікі Беларусь, якая мае на мэце заахвоцiць або заахвочвае выбаршчыкаў да ўдзелу ў выбарах, галасавання за тых ці іншых кандыдатаў ці супраць іх, — адзначае Бабарыка. — Выказванні Лукашэнкі пра выбары, асоб, якiя вылучаюцца кандыдатамі на пасаду прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, а таксама свае дзеянні пасля абрання прэзідэнтам Рэспублікі Беларусь на чарговы тэрмін і таму падобныя, безумоўна, з’яўляюцца агітацыяй”.

Бабарыка нагадвае, што заканадаўствам забароненыя абразы і паклёп у дачыненні да службовых асоб, кандыдатаў у прэзідэнты, а таксама агітацыя ці прапаганда сацыяльнай, расавай, нацыянальнай, рэлігійнай ці моўнай перавагі. На думку Бабарыкі, словы Лукашэнкі пра іншых прэтэндэнтаў на пасаду прэзідэнта ўтрымліваюць паклёп і несапраўдную інфармацыю.

Заяву Лукашэнкі аб тым, што ў Беларусі „Канстытуцыя не пад жанчыну”, а беларускае грамадства „не саспела для таго, каб галасаваць за жанчыну”, прэтэндэнт расцэньвае як „агітацыю супраць патэнцыйных кандыдатаў”, частка з якіх жанчыны.

Бабарыка просіць ЦВК правесці праверку ўсіх выкладзеных у заяве фактаў і пры выяўленні парушэнняў заканадаўства „адмовіць у рэгістрацыі ў якасці кандыдата ў прэзідэнты Лукашэнку А.Р.”.

Ён таксама просіць „ў выпадку праверкі подпісаў, сабраных пры вылучэнні Лукашэнкі А.Р., праверыць у тым ліку подпісы, сабраныя сябрамі ініцыятыўных груп, якія з’яўляюцца супрацоўнікамі ўстаноў (арганiзацый), названых у дадатку № 1 да гэтага звароту, і на падставе арт. 61 Выбарчага кодэкса Беларусі лічыць усе подпісы на такіх падпісных лістах несапраўднымі згодна з абставінамі, выкладзенымі ў звароце „.

belapan.by

Фота tut.by