Бабарыка пракаментаваў затрыманні членаў сваёй ініцыятыўнай групы



Падчас традыцыйнага пятнічнага стрыму вечарам 12 чэрвеня прэтэндэнт на пасаду прэзідэнта Беларусі былы кіраўнік „Белгазпрамбанка” Віктар Бабарыка пракаментаваў затрыманне членаў сваёй ініцыятыўнай групы.

„Я выдатна разумею, што гэтая тэма хвалюе ўсіх. Як мы і гаварылі, мы будзем старацца аказаць дапамогу ўсім, хто трапіў у бяду або нейкім чынам знаходзіцца пад націскам у рамках гэтай кампаніі”, — адзначыў прэтэндэнт на пасаду прэзідэнта.

„Таму мы са свайго боку тым членам ініцыятыўнай групы, у якіх узніклі праблемы, дапамаглі з адвакатамі. Мы вельмі спадзяемся, што будзе абсалютна законны разбор. Таму што ўсе павінны разумець, што толькі вяршэнства закона ў краіне дазволіць нам жыць шчасліва і бяспечна”, — заявіў Бабарыка.

Штаб Бабарыкі 12 чэрвеня паведаміў пра затрыманне двух членаў ініцыятыўнай групы: напярэдадні ўвечары ў Магілёве быў затрыманы каардынатар ініцыятыўнай групы Уладзімір Дудараў, былы чыноўнік Магілёўскага гарвыканкама, сёння раніцай стала вядома пра затрыманне ў Гомелі Сяргея Кармызава, кіраўніка мясцовага філіяла „Белгазпрамбанка”.

Ініцыятыўная група Віктара Бабарыкі налічвае 8.904 чалавекі. На дадзены момант у падтрымку яго вылучэння кандыдатам у прэзідэнты Беларусі сабрана 330 тысяч подпісаў пры неабходных для рэгістрацыі 100 тысячах.

Усяго ЦВК зарэгістравала 14 ініцыятыўных груп па вылучэнні кандыдатаў у прэзідэнты. Збор подпісаў праходзіць з 21 мая па 19 чэрвеня.

Рэгістрацыя кандыдатаў у прэзідэнты пройдзе з 5 па 14 ліпеня, пасля чаго стартуе перадвыбарная агітацыя. Прэзідэнцкія выбары прызначаныя на 9 жніўня.

belapan.by