Бабіч: Існуе вельмі тонкая грань паміж „мяккай беларусізацыяй” і дэрусіфікацыяй
„Існуе вельмі тонкая грань паміж „мяккай беларусізацыяй” і дэрусіфікацыяй”, — заявіў пасол Расейскай Федэрацыі ў Менску Міхаіл Бабіч у інтэрв’ю тэлеканалу RT.
Адказваючы на пытанне, „ці можа ўзмацненне ўвагі нацыянальнай культуры, мовы, элементам беларускай ідэнтычнасці пагражаць рускамоўным людзям, рускай мове і рускай культуры” ў Беларусі, дыпламат заявіў: „Вывучэнне роднай мовы, гісторыі, культуры, традыцый — гэта нават не права, але абавязак любога народа, які не хоча страціць самаідэнтычнасць. Было б дзіўна нейкім чынам абмяжоўваць гэтыя магчымасці ў незалежнай дзяржаве”.
„Няма нічога дрэннага ў тым, што сёння Беларусь развіваецца ў гэтым плане, — лічыць пасол РФ. — Але гэта не павінна адбывацца за кошт ушчамлення правоў рускай мовы, сумеснай культуры, сумесных гістарычных фактаў, а таксама фальсіфікацыі гісторыі. Сёння вельмі важна знайсці гэты баланс”.
Каментуючы заклікі беларускай апазіцыі да ўлад абмежаваць трансляцыю расейскіх тэлеканалаў на тэрыторыі краіны, расейскі дыпламат заявіў: „Калі мы зараз вельмі аператыўна не перазагрузім інфармацыйную павестку, не створым новую пазітыўную, стваральную інфармацыйную палітыку, то, вядома, шанцы ў апазіцыі павышаюцца”.
„Мы самі даем ім у рукі гэтыя магчымасці, — лічыць Міхаіл Бабіч. — Чым больш мы нададзім сіл і ўвагі стварэнню новай інфармацыйнай палітыкі, якая будзе сумленнай, аб’ектыўнай, прафесійнай, нацэленай на развіццё і стварэнне, тым менш будзе шанцаў у апазіцыі, у тым ліку па абмежаванні магчымасцяў расейскага тэлебачання. Трэба аддаць належнае беларускім уладам — сёння гэтыя магчымасці вельмі вялікія. Па сутнасці, расейскае тэлебачанне ў тых ці іншых фарматах, даступнае для абсалютнай большасці насельніцтва краіны. Але нам трэба мяняць інфармацыйную павестку ў гэтай частцы. Больш думаць над стратэгічнымі, канцэптуальнымі рэчамі, чым над імгненнымі „смажанымі” факцікамі, якія часцяком перавернутыя, вырваныя з кантэксту і не маюць нічога агульнага з рэчаіснасцю”.
Пасол таксама лічыць, што „трэба кардынальна змяніць стаўленне да інфармацыйнай палітыкі ў расейска-беларускіх адносінах”. „Яна павінна быць накіравана на стварэнне, развіццё і будаўніцтва. Тых інфармацыйных рэсурсаў, якія сёння ёсць у Расеі і Беларусі, больш чым дастаткова, каб рэалізоўваць эфектыўную інфармацыйную палітыку, растлумачваць і паказваць людзям вынікі будаўніцтва Саюзнай дзяржавы”, — адзначыў ён.
belapan.by