Бабіч: Неабходна правесці рэвізію ўсяго аб’ёму ўзаемаадносін Расеі і Беларусі
Рабочыя групы па пытаннях беларуска-расейскай інтэграцыі, створаныя ў кожнай з краін, пачнуць больш актыўную працу пасля адпаведнага рашэння на ўзроўні Уладзіміра Пуціна і Аляксандра Лукашэнкі. Пра гэта пасол Расеі ў Беларусі Міхаіл Бабіч заявіў журналістам 12 сакавіка ў Жодзіне (Менская вобласць), дзе дыпламат наведвае ААТ „БелАЗ”.
Паводле яго слоў, расейская рабочая група ўжо сфармавала прапановы і праінфармавала Пуціна. „Мяркую, што нашы беларускія калегі зрабілі тое ж самае”, — сказаў Бабіч.
„Неабходна пераасэнсаваць, актуалізаваць, калі хочаце, рэвізаваць увесь аб’ём узаемаадносін за апошнія 20 гадоў. Мянялася заканадаўства, мяняліся эканамічныя абставіны”, — дадаў пасол.
Бабіч не выключыў, што некаторыя паўнамоцтвы органаў Саюзнай дзяржавы будуць перададзеныя Еўразійскай эканамічнай камісіі.
1 сакавіка Аляксандр Лукашэнка падчас „Вялікай размовы з прэзідэнтам” заявіў: „Калі мы не знімем праблемы ў беларуска-расейскіх адносінах, якія сёння рубам стаяць, лямантуюць, мы ўвогуле пра нейкія глабальныя мэты, пра аб’яднанне нават казаць не павінны”.
„Давайце рухацца ў гэтых адносінах спакойна, давайце знімем усе праблемы, — заклікаў ён расійскі бок. — Людзі павінны бачыць, што элементарныя трэба вырашыць пытанні”. Пакуль жа, паводле слоў афіцыйнага беларускага лідара, „урад Расеі не гатовы ісці гэтым шляхам”.
Лукашэнка нагадаў, што яны з Пуціным дамовіліся стварыць у кожнай з краін рабочыя групы па праблемных пытаннях інтэграцыі: „Праўда, я не ведаю, калі расійская група пагодзіцца працаваць. Мы гатовыя да гэтага. Вы ведаеце — яна існуе ў нас у поўным складзе, хоць заўтра гатовыя пачаць працаваць, але пакуль у гэтым ключы працы няма, не прасоўваецца. але гэта не катастрафічна для беларуска-расійскіх адносін. Таму што ў нас калідор магчымасцяў і шырокі і доўгі. Мы можам спакойна вырашаць нашы праблемы”.
21 лютага міністр замежных спраў Уладзімір Макей паведаміў журналістам, што Беларусь і Расея пакуль не вызначылі магчымую дату першай сумеснай сустрэчы створаных у кожнай краіне рабочых груп па праблемных пытаннях інтэграцыі. „Дата абмяркоўваецца, рабочыя кантакты працягваюцца на ўсіх узроўнях”, — дадаў ён. Пры гэтым, паводле слоў Макея, абедзве групы ўжо распрацавалі прапановы. „Цяпер гэтыя прапановы аналізуюцца і абмяркоўваюцца. Вы хочаце, каб за пару тыдняў усе пытанні, асабліва праблемныя, якія ў свой час назапасіліся, былі вырашаныя? Запатрабуецца пэўны час”, — адзначыў кіраўнік МЗС.
Фота РБК