Багуміла Бердыхоўская: Прарасейскасць ва Украіне становіцца гісторыяй



У нашым эфіры пабывала польская публіцыстка і грамадская дзяячка Багуміла Бердыхоўская:

Багуміла Бердыхоўская. Фота: Agencja Gazeta

– Рэакцыя ў Польшчы, рэакцыя ў свеце – гэта канешне абурэнне рашэннем прэзідэнта Пуціна. Нібыта амерыканская выведка папярэджвала, што гэты напад адбудзецца, але людзі, палітыкі, назіральнікі спадзяваліся, што аднак да гэтага не дойдзе. Думаю, што найважнейшае ў тым, што адбываецца цяпер ва Украіне, у адказ на расейскі напад, гэта тое, чаго не ўзяў пад увагу Пуцін. Мне здаецца, што прэзідэнт Пуцін лічыў, што ваенная кампанія ў 2022 годзе будзе выглядаць так, як выглядала заняцце Крыму ў 2014 годзе. Ён быў перакананы, што дэманстрацыі мілітарнай сілы будзе дастаткова, каб украінцы, як у 2014 годзе, аддалі краіну без стрэлу. Адзін з заходніх каментатараў сказаў: „Мы былі перакананыя, што будзе так, як заўсёды, пакладзёмся спаць, а раніцай наступнага дня аперацыя ўжо будзе завершана”. Думаю, што Пуцін меркаваў так жа, што „бліцкрыг” будзе хуткі, маланкавы, без эфектыўнага супрацьдзеяння з боку ўкраінцаў. Аказалася, што з 2014 году прайшло восем гадоў, якія Украіна выкарыстала для пабудовы структур дзяржавы. Украінская армія аказалася здатнай на аказанне супраціву Расеі. Трэба падзякаваць Уладзіміру Зяленскаму. Калі ў 2015 годзе ён выйграваў выбары, то частка найбольш патрыятычнай украінскай публікі абуралася, як Парашэнка мог прайграць коміку, як гэта магло адбыцца, што гэта канец свету. Аказалася, што вайна не спраўдзіла гэтыя меркаванні. Мы бачым гэта кожны дзень, якая вялізная перамена адбылася з гэтым палітыкам, які гэта палітычны дзеяч. Структуры дзяржавы дзейнічаюць вельмі эфектыўна. Эксперты лічылі, што рэформа мясцовага самакіравання вельмі добра і ўдала праведзена ва Украіне, што цяпер пацвярджае вайна. Найбольшыя ўкраінскія гарады функцыянуюць перадусім таму, што маюць дзеяздольнае самакіраванне, камунальныя службы ад якіх залежыць амаль усё. Камунальныя службы – гэта электрычнасць, вада, ацяпленне і гэтак далей. Аказалася, што лідарамі гэтага самакіравання з’яўляюцца мэры гарадоў, кіраўнікі абласцей, якія сталі сапраўднымі героямі гэтай вайны. Асабліва хацела б звярнуць увагу на мэра Харкава Ігара Церахава. Чаму? Бо Харкаў – гэта найбуйнейшы ўкраінскі горад, які па-варварску абстрэльваецца і знішчаецца. Тое, што гэты горад трымаецца, у вялікай меры заслуга Ігара Церахава. Гэта палітык важны таксама тым, што паказвае тое, што прарасейскасць ва Украіне становіцца гісторыяй. Ігар Церыхаў паходзіць з „Апазіцыйнага блоку”, які паўстаў на парэштках „Партыі рэгіёнаў”. Надышоў час выпрабаванняў паміж палітычнымі поглядамі і ўласным горадам ды ўласнай краінай. Ігар Церыхаў з’яўляецца сцягам абароны Харкава. Падобны шлях прайшоў Вадзім Байчэнка з Марыупалю, які таксама паходзіць з „Апазіцыйнага блоку”.

Цалкам гутарку слухайце ў далучаным файле.

Беларускае Радыё Рацыя