Байдэн і Пуцін 7-га снежня правядуць відэа-саміт



Прэзідэнт ЗША Джо Байдэн і прэзідэнт Расеі Уладзімір Пуцін правядуць 7-га снежня размову па відэасувязі і абмяркуюць становішча вакол Украіны ў сувязі з дыслакацыяй буйной групоўкі расейскіх войскаў каля ўкраінскай мяжы, – паведамляе CNN.

Днямі памочнік прэзідэнта РФ Юры Ушакоў расказаў журналістам, што Байдэн і Пуцін на віртуальным саміце абмяркуюць таксама сітуацыю ў Афганістане пасля захопу ўлады ў гэтай краіне талібамі, перамовы аб выратаванні атамнай здзелкі з Іранам і амерыкана-расейскія адносіны.

Разведка ЗША апошнім часам адзначае, што расейская вайсковая групоўка на мяжы з Украінай складае прыкладна 70 тысяч вайскоўцаў, але дапускае рост іх колькасці да 175 тысяч. Як паведамляе “Голас Амерыкі”, расейскія войскі знаходзяцца ў пастаянным руху ў напрамку да мяжы і назад.

Фота: © Reuters / РИА Новости