Байдэн назваў умовы ўступлення Украіны ў NATO



Выступаючы на прэс-канферэнцыі пасля саміту NATO ў Бруселі 14 чэрвеня, прэзідэнт ЗША Джо Байдэн заявіў, што ўзброенае ўварванне Расеі ва Украіну не выключае магчымасці ўступлення Украіны ў NATO, аднак Кіеў павінен выканаць шэраг умоў.

«(Уступленне Украіны ў NATO. — РС) залежыць ад таго, ці адпавядае яна крытэрам. Справа ў тым, што Украіне яшчэ трэба будзе ліквідаваць карупцыю. Яна павінна адпавядаць іншым крытэрам, каб атрымаць План дзеянняў адносна сяброўства», — заявіў Байдэн, адказваючы на пытанне журналіста.

«Тым часам мы зробім усё магчымае, каб Украіна змагла і далей супраціўляцца агрэсіі Расеі. І не толькі ад мяне будзе залежаць, ці мы робім выснову пра тое, што Украіна можа стаць часткай NATO, а будзе залежаць ад альянсу і ад таго, як ён прагаласуе», — цытуе Байдэна «Голас Амерыкі».

«Я ведаю, што іх (чальцоў альянсу. — РС) трэба пераканаць, а гэта няпроста. Шмат гадоў таму я выступаў у Вярхоўнай Радзе з прамовай, у якой сказаў, што ва Украіны ёсць магчымасць зрабіць тое, чаго ніколі не было ў яе гісторыі: стварыць дэмакратычную, некарумпаваную — без удзелу алігархаў — нацыю. Я адзначыў падчас выступу, што яны ўвойдуць у гісторыю як бацькі-заснавальнікі Украіны, калі на самай справе яны гэта зробяць. Мы збіраемся даць Украіне магчымасць падтрымліваць сваю бяспеку», — падкрэсліў прэзідэнт ЗША.

Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі ў «Твітэры» напісаў, што «лідары NATO пацвердзілі, што Украіна стане чальцом альянсу, а План дзеянняў з’яўляецца неад’емным складнікам працэсу атрымання сяброўства».

У 2008 годзе пры прэзідэнце Віктары Юшчанку, Кіеў накіраваў у Брусель афіцыйную заяву на План дзеянняў адносна сяброўства ў NATO. У 2010 прэзідэнт Віктар Януковіч адмовіўся ад уступлення ў альянс. У 2017 прэзідэнт Пятро Парашэнка заявіў, што Украіна будзе дамагацца перамоваў наконт Плану дзеянняў.

svaboda.azureedge.net