Байдэн: ЗША рашуча асуджаюць арышт Рамана Пратасевіча



Злучаныя Штаты рашучым чынам асуджаюць перанакіраванне рэйса Ryanair і затрыманне журналіста Рамана Пратасевіча, які знаходзіўся на яго борце, заявіў прэзідэнт ЗША Джо Байдэн. Тэкст яго заявы апублікаваны на сайце Белага дома.

„Прымусовае перанакіраванне Беларуссю камерцыйнага рэйса Ryanair паміж дзвюма дзяржавамі — членамі Еўрапейскага звяза, а таксама наступны арышт журналіста Рамана Пратасевіча з’яўляюцца прамым парушэннем міжнародных нормаў, — лічыць Байдэн. — Гэты абуральны інцыдэнт і відэа, якое Пратасевіч, мяркуючы па ўсім, запісаў пад прымусам, з’яўляюцца ганебным нападам як на палітычнае іншадумства, так і на свабоду прэсы”.

Паводле яго слоў, „ЗША разам з краінамі ўсяго свету заклікаюць да вызвалення Пратасевіча, а таксама соцень іншых палітвязняў, якія несправядліва ўтрымлiваюцца пад вартай рэжымам Лукашэнкі”.

„Я далучаюся да шматлікіх заклікаў да міжнароднага расследавання, каб усталяваць усе абставіны справы, — адзначыў прэзідэнт Злучаных Штатаў. — Я вітаю навіну аб тым, што Еўрапейскі саюз заклікаў да мэтавых эканамічных санкцый і іншых мер, і папрасіў маю каманду распрацаваць адпаведныя варыянты прыцягнення да адказнасці вінаватых у цеснай каардынацыі з ЕС, іншымі саюзнікамі і партнёрамі і міжнароднымі арганізацыямі”.

На працягу некалькіх месяцаў беларускі народ „патрабуе дэмакратыі, павагі правоў чалавека і выканання асноўных свабод”. „Я апладую мужнасці і рашучасці беларусаў, якія змагаюцца за асноўныя правы, уключаючы такіх журналістаў, як Раман Пратасевіч, і лідараў апазіцыі, такіх як Святлана Ціханоўская і яе муж Сяргей Ціханоўскі, — заявіў Байдэн. — Злучаныя Штаты працягнуць падтрымліваць народ Беларусі ў яго барацьбе”.

belapan.by