Байкот выбараў паказаў сябе слабай стратэгіяй
Асаблівасцю цяперашняй парламенцкай кампаніі стаў намер удзельнічаць у ёй нават тых апазіцыйных сіл, якія раней выступалі за байкот выбарчых кампаній, адзначыў палітычны аналітык Аляксандр Класкоўскі, запрошаны на пасяджэнне экспертнага клуба цэнтра даследаванняў і прагнозаў развіцця „Еўрапейскі дыялог” 26 жніўня ў Мінску.
У мерапрыемстве ўзялі ўдзел кіраўнікі і прадстаўнікі Беларускай партыі левых „Справядлівы свет”, Беларускай партыі „Зялёныя”, Аб’яднанай грамадзянскай партыі, руху „За Свабоду”, аргкамітэта па стварэнні партыі „Беларуская хрысціянская дэмакратыя”, грамадзянскіх кампаній „Гавары праўду!” і „Еўрапейская Беларусь”, аргкамітэта па стварэнні партыі „Народная Грамада”, партыі „Беларуская сацыял-дэмакратычная Грамада”, Партыі БНФ, Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамада) і аргкамітэта па стварэнні Беларускай партыі жанчын „Надзея”. Практычна ўсе яны заявілі, што іх арганізацыі ў той ці іншай форме возьмуць удзел у парламенцкай кампаніі.
„Відавочна, што ў гэтую кампанію ідуць нават тыя, хто раней выступаў за байкот, няўдзел або ігнор — розныя былі назвы,— сказаў Класкоўскі. — Час і вопыт паказалі, што гэта ўсё ж слабая стратэгія, што яна яшчэ больш маргіналізуе апазіцыю. Сёння, наколькі я пачуў, толькі „Зялёныя” яшчэ сумняваюцца, а астатнія — і „Еўрапейская Беларусь”, і „Народная Грамада” — ужо ідуць. Думаю, з пункта гледжання экспертаў гэта станоўчы трэнд, бо вечная дыскусія пра тое, каб не падыгрываць „злачыннаму рэжыму”, стала абсалютна няплённай, здаецца, усе кропкі над „i” расстаўленыя”.
Разам з тым, заявіў Класкоўскі, яму засталіся незразумелыя матывы некаторых апазіцыйных структур, якія падчас выбарчай кампаніі маюць намер расходаваць сілы не на галоўную мэту, а на такія „пабочныя пытанні”, як, напрыклад, ініцыятыва за адстаўку старшыні Цэнтрвыбаркама Лідзіі Ярмошынай або прызнанне несапраўднымі прызначаных дат выбараў.
„Узнікае пытанне, ці варта расходаваць порах — а сілы, рэсурсы, актыў, скажам шчыра, у апазіцыі дастаткова абмежаваныя — на нейкія рэчы тыпу ініцыятывы за адстаўку Ярмошынай, — сказаў Класкоўскі. — Ну, будзе Ярмошына нумар два. Навошта за гэта змагацца і расходаваць свае і так невялікія сілы? Акрамя таго, як на гэта адрэагуе самы галоўны начальнік? Калі апазіцыя чагосьці патрабуе, то ён на злосць зробіць. Магчыма, ён і думаў бы на пенсію яе адправіць, а так яшчэ працягне кантракт з Ярмошынай. Гэта будзе значыць, што апазіцыя зноў села ў галёшу на вачах абывацеля. Так памнажаецца шлейф паражэнняў”.
„Або ганілі гэтую Палату [прадстаўнікоў], „палаткай” называлі, а тут раптам упісваецеся за яе. Так, гэта парушэнне (з-за правядзення парламенцкіх выбараў у лістападзе 2019 года тэрмін паўнамоцтваў гэтага склікання скароціцца на 10 месяцаў. — БелаПАН.), але ці варта пра гэта зараз казаць? Выбары ужо прызначаныя, цягнік ужо пайшоў, яго не спыніш. Пытанне ў тым, ці варта на гэта расходаваць порах замест таго, каб канцэнтравацца на галоўным?” — задаўся пытаннем эксперт.
Разам з тым, на думку Класкоўскага, палітычным структурам не хапае „агульнай платформы, адзінага меседжу апазіцыйных сіл”, каб электарат бачыў, што ў краіне „не проста набор нейкіх разрозненых партый, а ёсць нейкая агульная платформа, з якой апазіцыя супрацьпастаўляе сябе дзейнаму рэжыму”.
Выбары ў Палату прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу сёмага склікання пройдуць 17 лістапада гэтага года, у Савет Рэспублікі — 7 лістапада.