Бакіеву, які хаваецца ў Беларусі, абвясцілі новы прысуд
Збеглага прэзідэнта Кыргызстана Курманбека Бакіева завочна прысудзілі яшчэ да 10 гадоў пазбаўлення волі за карупцыю. Прысуд абвясціў Першамайскі раённы суд горада Бішкек, піша Tazabek.
„Яму прызначана пакаранне ў выглядзе пазбаўлення волі тэрмінам на 10 (дзесяць) гадоў з канфіскацый маёмасці, з пазбаўленнем права займаць дзяржаўныя пасады тэрмінам на тры гады”, – піша рэсурс.
Шляхам частковага складання пакарання канчаткова ён прысуджаны да 30 гадоў калоніі строгага рэжыму з канфіскацый маёмасці, з пазбаўленнем права займаць дзяржаўныя пасады тэрмінам на тры гады.
Справа звязана з залатарудным радовішчам Кумтор. Следства лічыць, што былыя кіраўнікі краіны заключалі невыгодныя для Кыргызстана дамовы з канадскімі кампаніямі.
Нагадаем, пасля красавіцкіх падзей 2010 года Курманбек Бакіеў уцёк з Кыргызстана і па запрашэнні Лукашэнкі ўладкаваўся ў Беларусі. Кыргызстан аб’явіў яго ў вышук.
Беларускае Радыё Рацыя