Балансаванне – трэнд замежнай палітыкі Беларусі



Менш антызаходняй рыторыкі ды асаблівая ўвага на гаспадарчую супрацу – гэта асноўныя трэнды цяперашняй замежнай палітыкі афіцыйнага Менска. Пра гэта ў сваім артыкуле на сайце „Belarus Digest” піша былы супрацоўнік беларускага МЗС старэйшы аналітык цэнтра Астрагорскага Ігар Губарэвіч. Ці варта чакаць прарываў у адносінах Беларусі з Захадам, ды наколькі афіцыйны Менск утрымлівае “шматвектарнасць знешняй палітыкі”? Пра гэта Зміцер Косцін гутарыць з былым дыпламатам.

Ігар Губарэвіч: Апошнім часам назіраюцца змены ў палітыцы. Асабліва цяпер, калі Беларусь спрабуе адбудаваць найперш гандлёва-эканамічныя дачыненні з іншымі краінамі, а таксама палітычныя. Дастаткова паглядзець на паведамленні прэс-службы беларускага МЗС: выбудоўваецца сетка кантактаў з еўрапейскімі краінамі, амаль штотыдзень праводзіцца паседжанне гандлёва-эканамічных камісій, праводзяцца сустрэчы. Магчыма, апошнія сустрэчы праходзяць не на тым узроўні, на якім хацелася б беларускаму боку. Але, у прынцыпе, імкненне выбудоўваць шматвектарную палітыку ёсць. Праўда, з пэўнымі абмежаваннямі, якія накладаюць нашы завязлыя дачыненні з Расеяй.

РР: Дачыненні з ЕЗ і ЗША апошнім часам пад пільнай увагай кіраўніка краіны. Неаднаразова гучала фраза пра тое, што трэба іх нармалізоўваць, наладжваць. Як Вы мяркуеце, ці можна ўжо казаць, што гэтая нармалізацыя ўжо наступае, і што дачыненні вярнуліся да той сітуацыі, якая была перад выбарамі 2010 года?

Ігар Губарэвіч: Тут адназначна ёсць зрухі. Калі казаць і пра Еўразвяз, і пра Злучаныя Штаты. Напрыклад, з ЗША апошнім часам даволі сталы дыялог атрымліваецца. Праўда, на не вельмі высокім узроўні. Хутчэй, на ўзроўні сярэдняй рукі чыноўніка Дзярждэпартамента.

Паказальным быў месяц таму візіт у Беларусь намесніка дзяржсакратара ЗША, які адказвае за адміністрацыйныя пытанні. Гаворка ішла ў сферы ягоных прафесійных інтарэсаў: функцыянаванне амерыканскіх замежных прадстаўніцтваў, кадравае пытанне. Думаю, адназначна закраналася пытанне пашырэння дзейнасці амбасады. Магчыма, гаварылі пра вяртанне амбасады да папярэдняга паўнавартаснага фармату. І я мяркую, што калі б не было пэўных зрухаў, то і такога б візіту на такім узроўні не было. Гэта істотны сігнал. Таму будзем чакаць навін у гэтым кірунку.

Калі казаць пра Еўропу, то звярніце ўвагу таксама, з кім сустракаўся Макей у Нью-Ёрку падчас сесіі Генеральнай Асамблеі. Большасць – гэта еўрапейскія міністры. Паглядзіце, з кім праводзіць Беларусь кансультацыі па эканамічным пытанні. Пакуль гэта таксама пераважна еўрапейскія краіны. Таму і тут можна чакаць пазітыўныя зрухі. Але наколькі яны будуць трывалымі – залежыць ад беларускага боку.

У Беларусі ёсць – я ведаю пра гэта – праграмы пакрокавага паляпшэння дачыненняў як з Еўразвязам, так і з ЗША. Яны так ці інакш выконваюцца.

РР: Ці падаецца Вам, што Беларусь пасля таго, што адбылося летась, пасля расейска-ўкраінскага канфлікту, спрабуе быць больш нейтральнай. Прынамсі, так падаецца: мы сябруем з Расеяй, але не ўмешваемся ў яе справы; хочам сябраваць з Еўропай, але таксама не да канца. Ці ёсць адзнакі пошуку балансу і нейтралітэту?

Ігар Губарэвіч: Так-так. Менавіта ідзе пошук нейкага балансавання. Гэта больш абачлівыя знешнепалітычныя рашэнні і выказванні. Няма адназначнай падтрымкі дзеянняў Расеі. Нават па пытанні Сірыі, звярніце ўвагу, прынамсі я не чуў пра нейкую падтрымку дзеянняў Расеі з боку Беларусі.

Нядаўна намеснік міністра замежных спраў Рыбакоў выступаў на адным паседжанні ААН, дзе выказаўся супраць таго, каб дзеянні ў Сірыі драбіліся на нейкія кааліцыі. І адназначна выказаўся ў падтрымку таго, каб гэта ўсё праходзіла пад эгідай Рады Бяспекі ААН. Гэта вельмі ўскоснае выказванне, але і своеасаблівы папрок як у бок заходняй кааліцыі, так і ў бок Расеі. Гэта такі заклік, як: “Давайце, хлопцы, дамаўляйцеся! Дзейнічайце разам у рамках мандата Рады Бяспекі ААН.” Адкрытай падтрымкі дзеянняў Расеі ў Сірыі не прагучала.

Кантакты беларускіх дыпламатаў з еўрапейскімі калегамі за апошні год сталі больш інтэнсіўнымі. У жніўні Лукашэнка выпусціў усіх палітычных вязняў. Брусель, у сваю чаргу, паабяцаў перагледзець санкцыі ў дачыненні да Беларусі. Рашэнне па гэтым пытанні мае быць прынятае пасля 11 кастрычніка.

Гутарыў Зміцер Косцін, Беларускае Радыё Рацыя

Фота aif.ru