Балгарыя і Чэхія таксама адклікаюць паслоў з Менска



Балгарыя адклікае для кансультацый свайго пасла ў Беларусі, паведаміла 8 кастрычніка міністр замежных спраў краіны Екацярына Захарыева ў „Твітэры”.

„Гэтым рашэннем мы выказваем салідарнасць і падтрымку нашым партнёрам па ЕС Літве і Польшчы”, — адзначыла Захарыева.

4 кастрычніка балгарскае знешнепалітычнае ведамства падтрымала заяву вярхоўнага прадстаўніка ЕЗ па знешняй палітыцы і палітыцы бяспекі Жазэпа Барэля, які назваў беспадстаўным і годным шкадавання патрабаванне беларускіх уладаў да Польшчы і Літвы адклікаць сваіх паслоў і значна скараціць дыпламатычныя прадстаўніцтвы ў Мінску. „Мы шкадуем аб спробе Мінска падзяліць краіны ЕС на „добрых” і „дрэнных”, нягледзячы на нашу аднадушнасць у асуджэнні дзеянняў беларускіх уладаў”, — адзначалася ў каментары МЗС Балгарыі.

8 кастрычніка прэс-сакратар МЗС Чэхіі Зузана Штыхава паведаміла інфармагенцтву ЧТК, што ў знак салідарнасці з Менска для кансультацый будзе адкліканы пасол гэтай краіны. Паводле яе слоў, кансультацыі будуць доўжыцца прыкладна тыдзень.

Акрамя Балгарыі і Чэхіі сваіх паслоў з Менска ў знак салідарнасці з Літвой і Польшчай адклікалі Германія, Латвія, Славакія і Эстонія. Пасол Францыі з’ехаў раней у сувязі са сканчэннем дыпмісіі, новы пакуль не прыбыў.

Беларускія ўлады адклікалі паслоў з Варшавы і Вільні ў адказ на санкцыі ЕЗ у дачыненні да асоб, адказных за фальсіфікацыю вынікаў прэзідэнцкіх выбараў і гвалт у дачыненні да пратэстоўцаў. Менск запатрабаваў ад Літвы і Польшчы адклікаць сваіх паслоў і скараціць штат дыппрадстаўніцтваў для дасягнення парытэту. Патрабаванне аб адклiканнi паслоў было выкананае.

belapan.by