Балкунец: Мара Лукашэнкі – каб «беглыя» беларусы пакаяліся і прызналі яго прэзідэнтам
Лукашэнка падпісаў указ аб стварэнні камісіі для працы з грамадзянамі Беларусі, якія жадаюць вярнуцца на Радзіму.
Камісія будзе ахопліваць перыяд з 1 студзеня 2020 года па 31 снежня 2023 года, звяртацца можна будзе ў пісьмовым ці электронным выглядзе. Заява будзе разглядацца цягам трох месяцаў.
Новы ўказ аб стварэнні камісіі пракаментаваў палітолаг Дзмітрый Балкунец:
-Які б варыянт ён не меў, якія б функцыі не былі прапісаныя, гэта абсалютнае глупства. Калі б Лукашэнка хацеў правесці амністыю, ён бы гэта зрабіў без усялякіх указаў і камісій. Ён бы правёў амністыю і перавярнуў бы старонку. Ён хоча, каб людзі, якія выступілі супраць яго, пакаяліся і прызналі яго прэзідэнтам. Гэта ягоная мара. Ён хоча, каб тыя, хто знаходзіцца ў турамах, у тым ліку вядомыя вязні: Мікалай Статкевіч, Віктар Бабарыка, Павел Севярынец, каб яны публічна раскаяліся ў сваіх дзеяннях. Гэта ўсё пустое. Жадаючых вярнуцца ў канцлагер, які стварыў Лукашэнка, няма і не прадбачыцца.
У склад камісіі для працы з «беглымі» ўвайшлі ў тым ліку і асобы, якія быццам пацярпелі ў выніку ўчыненых правапарушэнняў беларусамі, што з’ехалі з радзімы. Па словах Лукашэнкі, «калі нейкі грамадзянін сапраўды заслужыў пакарання, дык ён і сам наўрад ці стане звяртацца ў створаную камісію».
Беларускае Радыё Рацыя
Фота belta.by