Бальцэровіч стаў кансультантам Парашэнкі
Лешэк Бальцэровіч, якога называюць “бацькам польскіх эканамічных рэформаў”, стаў каардынатарам міжнароднай Кансультатыўнай рады пры ўкраінскім прэзідэнце.
Лешэк Бальцэровіч (Фота radioszczecin.pl)
Пра гэта ў сваім Фейсбуку паінфармаваў Пётр Парашэнка.
Больш падрабязна распавядзе наш украінскі карэспандэнт Марцін Война.
Два тыдні таму Пётр Парашэнка ўжо прапаноўваў Лешэку Бальцэровічу стаць украінскім прэм’ер-міністрам, але ж былы польскі віцэ-прэм’ер адмовіўся ад спакуслівай прапановы. Тады Лешэк Бальцэровіч сказаў, што “бачыць сябе хутчэй у якасці стратэгічнага дарадцы пры ўкраінскім урадзе”.
Кансультатыўнай рада пры ўкраінскім прэзідэнце акурат і дае Бальцэровічу такую магчымасць. У Кіеве былы польскі высокапасадоўца будзе дапамагаць з эканамічнымі рэформамі.
Пётр Парашэнка таксама паведаміў, што былы польскі міністр замежных спраў Радаслаў Сікорскі пагадзіўся стаць каардынатарам супрацьдзеяння расейская агрэсіі супраць Украіны.
Гэтыя кадравыя рашэнні выклікалі вельмі неадназначную рэакцыю ва ўкраінскім палітычным істэблішмэнце. Так, напрыклад, адэскі губернатар Міхаіл Саакашвілі заявіў, што “запрашэнне нафталінавых палітыкаў-рэфарматараў з Усходняй Еўропы – гэта прыніжэнне краіны”.
Міжнародная Кансультатыўная рада створаная пры прэзідэнце Украіны ў снежні 2015 года. Мэта гэтай рады – рэфармаванне Украіны і набліжэнне яе да еўрапейскіх стандартаў.
Марцін Война, Беларускае Радыё Рацыя