Баранавіцкія ўлады разбурылі сцэну, на якой павінна была выступаць Ціханоўская



Улады перашкаджаюць кандыдату ў прэзідэнты Святлане Ціханоўскай як толькі могуць. У Баранавічах мала таго, што выдзелілі для пікетаў у падтрымку Ціханоўскай самы дрэнны час, сёння на месцы мітынгу з удзелам Святланы Ціханоўскай улады разбураюць сцэну, якая там стаяла з часу адкрыцця маладога парку.

Гэтую прыкрую работу выконвае арганізацыя Баранавічы РЭМБУД, начальнік Віктар Сычэўскі, – кажа прадстаўнік штаба Цапкалы Ігар Лаўрушчык:

– Пасля ўчорашняга Менска, дзе сабралася дзясяткі тысяч людзей, улады проста баяцца, што тут у Баранавічах будзе тое ж самае. Бо выйдзе ўвесь горад на гэты мітынг, і ўлады ўбачаць на самой справе за кім ідзе народ і чаго ён жадае.

Мы знашлі іншы варыянт – мітынг адбудзецца, няхай яны жывуць самі па сабе, а народ будзе жыць сам па сабе. Народ без іх абыдзецца, а вось ці абыдуцца яны без народа, гэта мы яшчэ паглядзім.

Паводле даверанай асобы Святланы Ціханоўскай Тамары Патоцкай, прадстаўнікі трох штабоў наведалі Баранавіцкі гарвыканкам, але з імі ніхто не стаў размаўляць. Было вырашана падаць скаргу на незаконныя дзеянні ўладаў у пракуратуру.

Беларускае Радыё Рацыя