Баранавіцкія ўлады спужаліся пікетаў за Ціханоўскую



Баранавіцкія ўлады спужаліся пікетаў за кандыдата ў прэзідэнты Святлану Ціханоўскую.

Першы пікет 22 ліпеня адмянілі амаль перад самым пачаткам. Зараз выдзелілі самыя нязручныя гадзіны ў параўнанні з пікетамі ў падтрымку Аляксандра Лукашэнкі і Андрэя Дзмітрыева, кажа прадстаўнік штабу Валерыя Цапкалы Ігар Лаўрушчык:

– Ім дазволілі праводзіць з 10 гадзін раніцы да 22 вечара, нам толькі з 8 раніцы да 12 дня. Адразу бачна, дзе, хто, чый стаўленік, хто спойлер, а хто не спойлер. Так жа, як з гэтымі зборамі подпісаў. Не было ў Дзмітрыева 100 тысяч, ну не было. Яны стаялі побач з намі ў Баранавічах, я сам усё бачыў, колькі чалавек падпісвалася за Дзмітрыева.

Паводле Ігара Лаўрушчыка, або ў гарсавеце сядзіць правакатар, які хоча звяржэння рэжыму Лукашэнкі. Бо выдзелены час для пікетаў за Ціханоўскую толькі для сабатажу работы, або каб паказаць, колькі ў Баранавічах беспрацоўных. Бо толькі яны разам з пенсіянерамі могуць прыйсці на пікет з 8 раніцы да 12 дня, каб не парушыць працоўнай дысцыпліны.

Беларускае Радыё Рацыя