Барэль: ЕЗ будзе падтрымліваць беларускі народ столькі, колькі неабходна
„ЕЗ працягне падтрымліваць беларускі народ столькі, колькі неабходна, у абароне яго фундаментальнага права выбіраць свайго прэзідэнта на свабодных і сумленных выбарах”, — заявіў вярхоўны прадстаўнік Еўрасаюза па знешняй палітыцы і палітыцы бяспекі Жазэп Барэль.
Увечары 22 снежня ён размясціў у сваім блогу артыкул „ЕЗ працягвае падтрымліваць беларускі народ”, прысвечаны сітуацыі ў Беларусі і дзеянням Еўразвяза па ўрэгуляванні палітычнага крызісу ў краіне.
„Пяць месяцаў пасля сфальсіфікаваных прэзідэнцкіх выбараў 9 жніўня Еўрапейскі звяз працягвае падтрымліваць беларускі народ. У мінулую сераду (16 снежня ў Бруселі. — БелаПАН.) я сустрэўся са Святланай Ціханоўскай, былым кандыдатам у прэзідэнты і лідарам дэмакратычнай Беларусі. Падчас візіту яна атрымала прэстыжную прэмію Сахарава”, — піша Барэль.
Са жніўня ён „тыдзень за тыднем” знаходзіўся пад „глыбокім уражаннем” ад стойкасці беларускага народа і яго мужнай барацьбы за выкананне фундаментальных правоў, за свабодныя і справядлівыя выбары. На гэта рэжым „адрэагаваў жорсткасцю і беззаконнем”. Вярхоўны прадстаўнік ЕЗ адзначае, што было затрымана больш за 31 тыс. мірных дэманстрантаў, у тым ліку 370 журналістаў, у дачыненні да сотняў палітвязняў і больш чым 900 чалавек у цэлым распачатыя крымінальныя справы. „Дэлегацыя ЕЗ у Менску неаднаразова звярталася да ўладаў па дазвол атрымаць доступ да палітвязняў, каб праверыць паведамленні аб жудасных умовах утрымання ў турмах і нялюдскім абыходжанні са зняволенымі. Да цяперашняга часу ў доступе адмоўлена”, — адзначае Жазэп Барэль.
Ён падкрэслівае, што са жніўня Беларусь займае прыярытэтнае месца ў парадку дня ЕЗ, які адзіны ў падтрымцы дэмакратычных правоў беларускага народа. „Сапраўдны інклюзіўны нацыянальны дыялог, спыненне гвалту і вызваленне ўсіх палітвязняў — адзіны шлях для забеспячэння мірнага ўрэгулявання цяперашняга крызісу”, — лічыць вярхоўны прадстаўнік ЕЗ.
Еўразвяз, паводле слоў Барэля, гатовы падтрымаць любыя рэальныя пасрэдніцкія намаганні, у прыватнасці ў межах АБСЕ, аднак дагэтуль Менск не пагадзіўся на прапанову старшынства АБСЕ наведаць краіну. Тым не менш ЕЗ працягне заклікаць да поўнай рэалізацыі рэкамендацый справаздачы ў межах Маскоўскага механізма АБСЕ.
„Каб дапамагчы знайсці мірнае рашэнне”, ЕЗ звярнуўся да абмежавальных мер, адзначыў Барэль. На мінулым тыдні, нагадаў ён, прыняты трэці пакет санкцый, які ўключае 36 пазіцый (29 фізічных і сем юрыдычных асоб). „Да цяперашняга часу ЕЗ увёў санкцыі ў дачыненні да 88 чалавек, у тым ліку Аляксандра Лукашэнкі, і сямі суб’ектаў гаспадарання, адказных за гвалт, неабгрунтаваныя арышты і фальсіфікацыю вынікаў выбараў”, — абагульніў вярхоўны прадстаўнік ЕЗ. „У адпаведнасці з паслядоўным падыходам” члены ЕЗ выказалі „гатоўнасць і жаданне” папрацаваць у студзені над новымі пазіцыямі ў санкцыйным спісе, „калі спатрэбіцца”.
„ЕЗ і дзяржавы-члены працягнуць уздымаць пытанні, звязаныя з парушэннем правоў чалавека, на міжнародных форумах ААН, АБСЕ і Савета Еўропы”, — заявіў Барэль. Ён нагадаў, што літоўская пракуратура ў межах універсальнай юрысдыкцыі распачала дасудовае расследаванне крымінальнай справы па заяве беларускага грамадзяніна Максіма Харошына пра катаванні ў міліцыі.
Барэль паведаміў, што ЕЗ правёў „поўную рэвізію” адносінаў з Беларуссю. У выніку скарочаныя палітычныя кантакты і „сектаральныя дыялогі” з уладамі, прыпыненая альбо спыненая фінансавая падтрымка цэнтральнай улады. Павялічаная падтрымка насельніцтву краіны. 11 снежня Еўрапейская камісія ўхваліла пакет дапамогі ў суме 30 млн еўра. Ён уключае падтрымку грамадзянскай супольнасці і незалежных СМІ (8 млн еўра), сродкі на мабільнасць моладзі і стыпендыі (8 млн), падтрымку малога і сярэдняга бізнесу (10 млн), а таксама аховы здароўя (4 млн), у тым ліку барацьбу з пандэміяй каранавіруса COVID-19. „Гэта ў дадатак да неадкладнай падтрымкі ахвяр рэпрэсій і дзяржаўнага гвалту (2,7 млн еўра) і незалежных СМІ (1 млн еўра)”, — адзначыў Барэль.
„ЕЗ працягне падтрымліваць беларускі народ столькі, колькі неабходна, у абароне яго фундаментальнага права выбіраць свайго прэзідэнта на свабодных і сумленных выбарах, — падкрэсліў прадстаўнік ЕЗ. — І ён гатовы істотна павялічыць свой удзел і падтрымку дэмакратычнай Беларусі за кошт павелічэння фінансавай дапамогі і сектаральнага супрацоўніцтва”.
„Для гэтага нам неабходныя, аднак, некаторыя ключавыя ўмовы: павага прынцыпаў дэмакратыі, вяршэнства закона і правоў чалавека, а таксама спыненне любых рэпрэсій у адносінах да асобаў, якія ўдзельнічаюць у прадэмакратычным руху, незалежных СМІ і грамадзянскай супольнасці. Спадзяюся, і мы будзем над гэтым працаваць, што гэтыя ўмовы будуць забяспечаны ў 2021 годзе”, — напісаў Барэль.
Яго артыкул з’явіўся неўзабаве пасля заявы міністра замежных спраў Беларусі Уладзіміра Макея аб дзеяннях афіцыйнага Менска ў адказ на трэці пакет санкцый ЕЗ.