Барэль: ЕЗ „разглядае магчымасць” прыняцця новых санкцый
Еўразвяз разглядае магчымасць прыняцця далейшых санкцый у дачыненні да ўлад Беларусі, заявіў вярхоўны прадстаўнік ЕЗ па знешняй палітыцы і палітыцы бяспекі Жазэп Барэль на прэс-канферэнцыі па выніках пасяджэння Савета міністраў замежных спраў краін ЕЗ, якое адбылося 22 лютага ў Бруселі.
„У Беларусі працягваецца ўзмацненне рэпрэсій, працягваецца пераслед людзей і грамадзянскай супольнасці, — сказаў Барэль. — Мы разглядаем магчымасць прыняцця далейшых санкцый, а тым часам мы працягнем падтрымку беларускага народа ў яго законным імкненні да дэмакратыі, падтрымліваючы грамадзянскую супольнасць і ўводзячы санкцыі супраць тых, хто адмаўляе асноўныя палітычныя правы”.
Увосень ЕЗ увёў тры пакеты санкцый у дачыненні да асоб, датычных, на яго думку, да фальсіфікацыі вынікаў прэзідэнцкіх выбараў і пераследу іншадумцаў.
Фота: parstoday.com