Барэль: Спадзяюся, трэці пакет санкцый па Беларусі будзе прыняты хутка



Еўрапейскі звяз дапрацоўвае трэці пакет санкцый у дачыненні да Беларусі, паведаміў вярхоўны прадстаўнік ЕЗ па знешняй палітыцы і палітыцы бяспекі Жазэп Барэль 7 снежня на прэс-канферэнцыі па выніках пасяджэння Савета міністраў замежных спраў краін Еўразвяза.

Трансляцыя вялася на сайце Савета ЕЗ.

„Мы таксама закранулі сітуацыю ў Беларусі. З прычыны таго, што рэпрэсіі ўладаў супраць насельніцтва неабходна спыніць, мы дапрацоўваем трэці пакет санкцый. Спадзяюся, ён будзе хутка прыняты. Я спадзяюся на хуткае прыняцце, я ўпэўнены, што на гэты раз не будзе іншых праблем, якія затрымаюць прыняцце гэтага трэцяга пакета санкцый”, — сказаў еўрапейскі чыноўнік.

Першы пакет санкцый ЕЗ увёў у пачатку кастрычніка, уключыўшы ў санкцыйны спіс 40 службовых асоб, якія маюць дачыненне, на думку Бруселя, да фальсіфікацыі вынікаў прэзідэнцкіх выбараў і гвалту ў дачыненні да пратэстоўцаў. У спіс трапілі члены Цэнтрвыбаркама, кіраўніцтва і супрацоўнікі сілавога блока.

Другі пакет санкцый быў прыняты 6 лістапада. У новы спіс уключаны Аляксандр Лукашэнка і яго старэйшы сын, памочнік па нацыянальнай бяспецы Віктар Лукашэнка, а таксама кіраўнік Адміністрацыі прэзідэнта Ігар Сергяенка, старшыня КДБ Іван Церцель і шэраг іншых чыноўнікаў.

Такім чынам, цяпер у санкцыйным спісе Еўразвяза 59 чалавек. Абмежавальныя меры ўключаюць забарону на ўезд на тэрыторыю ЕЗ і замарозку актываў гэтых асоб. Акрамя таго, грамадзянам і кампаніям ЕЗ забаронена выдзяляць сродкі асобам, уключаным у спіс.

Па выніках сустрэчы 19 лістапада кіраўнікоў МЗС краін ЕЗ узгодненая падрыхтоўка трэцяга пакета санкцый, які закране не толькі фізічных, але і юрыдычных асоб і, як мяркуецца, будзе мерай эканамічнага ўздзеяння.

belapan.by